У Маскве завяршылася праца 20-й Міжнароднай выставы прадуктаў харчаваньня, напояў і сыравіны для іх вытворчасьці «Прадэкспа-2013». На працягу працоўнага тыдня – з 11 па 15 лютага – сваю прадукцыю дэманстравалі звыш за 2250 кампаніяў з 63 краін свету. Удзел у выставе ўзялі і 70 прадпрыемстваў зь Беларусі, не на апошнім месцы сярод якіх былі вытворцы Віцебшчыны.
Наведвальнікі выставы пабачылі экспазыцыі наступных прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці: ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод», ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», Віцебскі мясакамбінат, КУП «Віцебскі кандытарскі камбінат “Віцьба”», ААТ «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», ААТ «Лепельскі мяса-малочны камбінат», ААТ «Малако» (г. Віцебск), ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат», ААТ «Полацкі малочны камбінат», ААТ «Віцебскі ЛВЗ “Прыдзьвіньне”».
У тым, што сярод удзельнікаў «Прадэкспа-2013» зь Віцебшчыны пераважаюць вытворцы мяса-малочнай прадукцыі, няма нічога дзіўнага. Менавіта на малочныя прадукты, мяса і мясапрадукты, а таксама цукар прыпадаюць асноўныя пастаўкі беларусаў усходняй суседцы. Як паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, сёлета плянуецца паставіць зь Беларусі ў Расею 4,11 млн тон малака і малочнай прадукцыі (у пераліку на малако), 310 тыс. тон мяса і мясапрадуктаў і 200 тыс. тон цукру.
Фотакарэспандэнт «Дыялёгу» пабываў у Маскве на выставе «Прадэкспа-2013» і зрабіў некалькі здымкаў каля стэндаў прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці.
Дыялёг