Асноўную долю карупцыйных злачынстваў у Віцебскай вобласьці складаюць факты хабарніцтва і службовых крадзяжоў, паведаміў начальнік аддзелу па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю пракуратуры Віцебскай вобласьці Васіль Пашкоўскі.
За студзень-лістапад бягучага году на тэрыторыі Віцебскай вобласьці выяўлена 317 злачынстваў, зьвязаных з карупцыяй. Зь іх крыху больш за 40% (129 злачынстваў) складаюць факты хабарніцтва, столькі ж зьдзейсьнена службовымі асобамі крадзяжоў праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.
Найбольшая колькасьць карупцыйных злачынстваў зарэгістраваная ў такіх сфэрах і галінах дзейнасьці, як прамысловасьць (56 злачынстваў), будаўніцтва (35), сельская гаспадарка (30). Ўваходзяць у гэты сьпіс таксама сыстэмы аховы здароўя і адукацыі. У разрэзе рэгіёнаў вобласьці за мінулы пэрыяд больш за ўсё карупцыйных злачынстваў было выяўлена ў Віцебску (101), Воршы (67), Полацку (21), Аршанскім і Сеньненскім раёнах (па 19).
Падаючы прыклады працы праваахоўных ворганаў па барацьбе з карупцыяй, Васіль Пашкоўскі адзначыў выяўленыя неадзінкавыя факты зьдзяйсьненьня злачынстваў службовымі асобамі арганізацыяў дарожнага будаўніцтва, якія, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, праз падробленыя дакумэнты зьдзяйсьнялі крадзяжы бітуму, набытага за кошт бюджэтных сродкаў. Прычыненая іх злачыннымі дзеяньнямі шкода вымяраецца сотнямі мільёнаў рублёў.
Зьвяртае на сябе ўвагу тая акалічнасьць, што большасьць службовых крадзяжоў зьдзяйсьняецца ва ўмовах гаспадарчага працэсу і ўліку наяўнасьці і руху таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія наладжаныя неналежным”, - падкрэсьліў начальнік аддзелу. У значнай ступені спрыяюць гэтаму таксама недахопы ў ажыцьцяўленьні фінансава-гаспадарчай дзейнасьці, нізкі ўзровень працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, непрыняцьце неабходных мер па захаванасьці ўласнасьці.
Акрамя таго, у некаторых рэгіёнах вобласьці выяўленыя факты атрыманьня службовымі асобамі дыягнастычных станцыяў матэрыяльных узнагарод ад грамадзян з мэтай спрыяльнага вырашэньня пытаньняў па праходжаньні дзяржаўнага тэхнічнага агляду іх няспраўных транспартных сродкаў. Шэраг крымінальных спраў у студзені-лістападзе быў узбуджаны ў дачыненьні да работнікаў устаноў аховы здароўя, якія атрымлівалі ад грамадзян у якасьці хабару грашовыя сродкі за неабгрунтаваную выдачу лісткоў непрацаздольнасьці.
“Пытаньні барацьбы з карупцыяй працягваюць насіць актуальны характар і патрабуюць прыняцьця рашучых мер па своечасовым папярэджаньні, выяўленьні і спыненьні карупцыйных праяў, ліквідацыі прычын і ўмоў, што ім спрыяюць. Безумоўнае выкананьне гэтых мер зьяўляецца першараднай задачай ня толькі праваахоўных ворганаў, але і кіраўнікоў рознага ўзроўню”, - сказаў напрыканцы Васіль Пашкоўскі.
БЕЛТА