Эканамічны суд Віцебскай вобласьці распачаў вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтве) у дачыненьні да ДКУВП «Аршанскі завод зялезабэтонных вырабаў» і вызначыў ахоўны пэрыяд да 5 жніўня гэтага году, паведамілі ў прэс-службе суду.
Ініцыятарам звароту ў суд выступіла прадпрыемства.
Віцебскі аблвыканкам прызнаў немэтазгодным далейшае дасудовае аздараўленьне даўжнiка, які зь лютага прыпыніў працу з-за стратнасьці.
На момант падачы заявы ў суд крэдыторская запазычанасьць заводу перавышала 28,5 мільярду рублёў. «Устойлівы характар неплацежаздольнасьці прадпрыемства таксама пацьвярджаецца папярэднім заключэньнем Дэпартамэнту па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі Беларусі», – паведамілі ў судзе.
Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызначыў часовага кіраўніка – Натальлю Вялітчанку.
tut.by