Скандал, які ўзгарэўся вакол элітнага жыльлёвага комплексу «Таполька», можа сьведчыць пра тое, што на будаўнічы рынак Віцебску прыйшлі расейскія махлярскія схемы. Адзіным спадзевам дольнікаў застаецца бесстароньні падыход да акалічнасьцяў справы Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
Калі дзеля пошуку элітнага жытла ў Віцебску скарыстацца інтэрнэтам, то адразу на некалькіх сайтах можна пабачыць рэкляму першага ў горадзе жыльлёвага комплексу бізнэс-клясы «Таполька». Рэклямадаўцы прэзэнтуюць свой праект як унікальны на рынку нерухомасьці. Пералічваючы існуючыя выгоды, яны прапаноўваюць непасрэдна ад забудоўшчыка таўнхаўсы і трох- шасьціпакаёвыя кватэры ў мікрараёне «Поўдзень-2». Здавалася б, вось яно – ідэальнае жытло ў самым цэнтры гораду, адасобленае ад яго праблемаў высокім плотам і сыстэмай відэаназіраньня.
Але, як высьветлілася, унікальнасьць гэтай забудовы ня толькі ў створаных для пражываньня зручнасьцях, але і ў непразрыстасьці юрыдычных акалічнасьцяў, зьвязаных з правам ўласнасьці на пабудаваны праект.
Нягледзячы на тое, што будаўніцтвам комплексу займаецца віцебская фірма (таварыства з дадатковай адказнасьцю «БудДомІнвэст»), сапраўдным уладальнікам зьяўляецца маскоўская фірма (таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Інвэст Трэйдынг»). Ад гэтай дваістасьці і пачынаюцца праблемы для тых грамадзянаў, якія спакусіліся на прывабы элітнага пражываньня ў жыльлёвым комплексе «Таполька».
Здабыткам галоснасьці сытуацыя вакол элітнага комплексу стала дзякуючы намаганьням Анатоля Дубягі, аднаго з тых дольнікаў, які ўклаў свае немалыя сродкі ў будаўніцтва, але так і ня здолеў стаць ўласьнікам ужо збудаванага жытла. Маскоўская фірма праз суд імкнецца аспрэчыць папярэднія дамовы паміж забудоўшчыкам і пакупнікамі і намагаецца прызнаць іх нікчэмнымі. На цяперашні момант па скарзе маскоўскай фірмы адбыўся адзін судовы разбор, вынікам якога стала рашэньне аб забароне на афармленьне дакумэнтаў ў БТІ і забароне на продаж збудаваных аб'ектаў.
Уласьнікі сьцьвярджаюць, што віцебскі дольнік заключыў дамову зь фірмай, якой яны нібыта не давалі права на продаж маёмасьці. На рукох у пацярпелага маюцца ўсе пагадненьні, якія ён заключыў з забудоўшчыкам, і квітанцыі аб аплаце ўсіх выстаўленых яму рахункаў. Падчас заключэньня папярэдняй дамовы ніякіх пытаньняў не паўставала. Спадару Дубягу ня толькі далі рабіць унутраны рамонт, але і, у адпаведнасьці са складзеным з забудоўшчыкам актам, дазволілі засяліцца ў таўнхаўс, бо на той момант ён прадаў сваю кватэру і яму не было дзе жыць. І пра ўсё гэта кіраўніцтва маскоўскай фірмы добра ведала. Да яго падыходзілі, цікавіліся тым, як ён робіць рамонт, казалі, што возьмуць яго за ўзор. Аднак калі надышоў час заключэньня канчатковай дамовы на продаж, яму заявілі, што ранейшая дамова зь віцебскай фірмай ня мае юрыдычных правамоцтваў. Ніхто з астатніх дольнікаў ніякіх унутраных работ не праводзіў, і таму Анатоль Дубяга стаў першым, хто сутыкнуўся з існуючым канфліктам інтарэсаў.
Кажа Анатоль Дубяга: «На маю думку, маскоўская фірма мае адну мэту: кінуць тых, хто патрапіў на іхную вуду. Кінуць і забудоўшчыка, і дольнікаў, а пабудаванае жытло перадаць трэцім асобам. Нахабства паводзінаў генэральнага дырэктара фірмы ўражвае. Ён адкрыта заявіў майму знаёмаму: Вось тут, у пятым катэджы, будзе жыць мая пляменьніца, а дольнікі нічога не атрымаюць – каму плацілі, хай той вам і пакрывае страты. Мы ж аплачвалі фірме «БудДомІнвэст», якой свае правы на продаж катэджаў дэлегавала маскоўская фірма. Прычым, як высьвятляецца, у ТАА «Інвэст Трэйдынг» усяго адзін заснавальнік і адзін дырэктар. Там першапачаткова не было аніякіх сродкаў на будаўніцтва, ані тэхнікі – будавала выключна віцебская фірма. Масквічы хочуць аформіць дакумэнты ў БТІ і зьехаць. Выяўляецца, у фірмы маюцца два камплекты дакумэнтаў, адзін зь якіх дазваляе куплю-продаж віцебскай фірме, а другі – забараняе. Цяпер уласнік апэлюе да тых дакумэнтаў, якія гэты продаж не дазваляюць, то бок у Віцебск прыйшлі звычайныя махлярскія расейскія схемы».
«Ніхто з астатніх дольнікаў яшчэ не дайшоў да этапу афармленьня дакумэнтаў на маёмасьць, – працягвае свой расказ Анатоль Дубяга. – У адрозьненьні ад іх, я ўжо засяліўся. І перашкаджаў зьдзяйсьненьню махлярскіх плянаў, дзеля чаго мяне і трэба было выселіць. У цяперашні момант дольнікаў крыху супакоілі, таму яны пакуль ніяк не рэагуюць, спадзеючыся на лепшае. Я ж зразумеў, што тут нешта нячыста. Яны адчуваюць сябе ў Віцебску гэтак жа беспакарана, як і ў Расеі. У мяне адзіная надзея – на нашы беларускія праваахоўныя органы, на тое, што яны ўсяму дадуць правільную ацэнку».
Цяпер акалічнасьцямі дзейнасьці маскоўскай фірмы займаецца Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. А тым часам ідзе другі этап будаўніцтва жыльлёвага комплексу з выкарыстаньнем сродкаў чарговай партыі дольнікаў.
С. Горкі