Улады спрабуюць прыцягнуць замежных інвэстараў і адначасова зьнішчаюць мясцовых прадпрымальнікаў, сьцьвярджае прадпрымальнік з Наваполацку Ўладзімер Журба.
29 кастрычніка адбыўся «Наваполацкі эканамічны форум – 2015». Уладзімер Журба зь цяжкасьцю змог трапіць на мерапрыемства. «Мясцовых прадпрымальнікаў арганізатары ня вельмі хацелі бачыць сярод удзельнікаў. Якія арганізатары – такі і форум, – кажа Ўладзімер. – Мерапрыемства, у якім я ўдзельнічаў, доўжылася ўсяго паўтары гадзіны».
Арганізатарамі форуму былі Наваполацкі гарадзкі выканаўчы камітэт і ўнітарнае прадпрыемства «Віцебскае аддзяленьне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты». Пасьля форуму мясцовыя ўлады зрабілі справаздачу аб пасьпяховасьці мерапрыемства, пра сотні прапаноў для замежных партнэраў. Аднак у выніку быў падпісаны толькі адзін кантракт – з сэрбскай дэлегацыяй пра аздараўленьні беларускіх дзяцей. Арганізатарам засталося толькі спадзявацца, што налета падпісаных кантрактаў будзе больш.
На думку прадпрымальніка Ўладзімера Журбы, калі ўлады сапраўды хочуць прыцягнуць замежнага інвэстара, то, перш за ўсё, павінны стварыць умовы для мясцовых прадпрымальнікаў: «Толькі мясцовыя прадпрымальнікі ведаюць, як працаваць у нашых умовах, што нам трэба для разьвіцьця. А спадзявацца, што замежныя інвэстары прыйдуць і нас азалоцяць, – гэта не дзелавы падыход да прадпрымальніцтва і разьвіцьця».
Уладзімер Журба распавёў, што часта сустракаецца з замежнымі прадпрымальнікамі, якія наўпрост кажуць: «Калі мы ўбачым, што ў цябе і ў іншых мясцовых прадпрымальнікаў няма праблем у стасунках з уладамі, што ваш мясцовы бізнэс пасьпяхова разьвіваецца, тады і мы падумаем аб укладаньні сваіх капіталаў у ваш бізнэс».
Журба Ўладзімер Пятровіч з 1997 года зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. У дзевяностых гадох пабудаваў на ўласныя сродкі вытворчую базу на 2-х гектарах закінутага будаўнічага сьметніку пад Наваполацкам. З 1992 па 2014 гады – тэхнічны дырэктар ТАА «Віторжа».