Эканамічны суд Віцебскай вобласьці вынес рашэньне аб прызнаньні Віцебскага ААТ “КІМ” банкрутам і яго ліквідацыі, паведаміла судзьдзя эканамічнага суда Ірына Фралова.
Пасьля ўступленьня судовага вэрдыкту ў законную сілу антыкрызысны кіраўнік павінен прыступіць да пагашэньня заяўленых патрабаваньняў амаль 90 конкурсных крэдытораў у аб'ёме каля 306 мільярдаў рублёў за кошт продажу маёмасьці банкрута.
У камітэт крэдытораў прадпрыемства абраныя прадстаўнікі ААТ “Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь”, РУП “Віцебскэнэрга”, ААТ “Белінвэстбанк”, МПЗ Беларусі, ФСАН, адміністрацыі СЭЗ “Віцебск”, прафсаюзнага камітэту фабрыкі.
Паводле слоў антыкрызыснага кіраўніка Паўла Зайца, кошт асноўных фондаў банкрута па дадзеных бухгальтарскага ўліку ацэньваецца ў суму каля 43 мільярдаў рублёў, у тым ліку на балянсе прадпрыемства знаходзіцца два інтэрнаты па 600 месцаў кожны, а таксама аздараўленчы лягер у 40 кілямэтрах ад абласнога цэнтру, які не эксплёатуецца тры гады.
Завяршыць ліквідацыйную працэдуру мяркуецца да верасьня 2016 году. Кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства ва ўзаемадзеяньні з гарвыканкамам, гарадзкім цэнтрам занятасьці і іншымі службамі прапрацоўваюць розныя варыянты працаўладкаваньня работнікаў.
Як паведаміла начальнік упраўленьня каардынацыі разьвіцьця трыкатажнай і швейнай галін канцэрну “Бельлегпрам” Алена Кухарава, “КІМ” перадаў па дамове ў ААТ “Сьцяг індустрыялізацыі” (Віцебск) больш за 33 машыны для арганізацыі струменевай лініі па пашыве трыкатажных вырабаў, куды ўжо працаўладкаваныя 25 швачак са збанкрутавалага прадпрыемства. Апроч таго, цяпер прапрацоўваюцца пытаньні перадачы ў камунальную ўласнасьць двух інтэрнатаў, дзе на цяперашні момант пражываюць больш за 1 тысячу чалавек.
Паводле ацэнкі антыкрызыснага кіраўніка, для перадачы ў архіў дакумэнтаў спатрэбіцца ня менш за 500 мільёнаў рублёў і тэрмін каля паўгода. Экспанаты народнага музэю фабрыкі, у тым ліку капсуль з пасланьнем нашчадкам, які наказана адкрыць 7 лістапада 2017 году, могуць папоўніць фонды абласнога краязнаўчага музэю.
Панчошна-трыкатажная фабрыка “КІМ” (“Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі”, пазьней “Клясыка Індустрыі Моды”) утвораная ў 1931 годзе. У 1996 годзе на базе маёмаснага комплексу прадпрыемства створанае Віцебскае ААТ “КІМ”. Вытворчасьць па справе пра эканамічную неплацежаздольнасьць (банкруцтва) “КІМ” распачатая ў лютым 2015 году з ініцыятыве самога даўжніка.
news.vitebsk.cc