Мастак Алесь Пушкін разам з калегамі-мастакамі Генадзем Драздовым, Рыгорам Батальёнкам, Лявонам Грышуком ды іншымі сябрамі Саюзу мастакоў і суполкі «Пагоня» праводзіць пленэр на месцы знакамітай Аршанскай бітвы.
Паводле слоў мастака, на жаль, ушаноўваюць месца беларускай вайсковай славы не беларускія вайскоўцы, а творчыя людзі і грамадзкія дзеячы: "Пішам поле само. Поле ў стане ўзараным, трактары на ім раскідаюць гной. У дзяржавы свая канцэпцыя сьвяткаваньня 500-годзьдзя слаўнай бітвы. На гэтым полі, дзе была бітва, якой можна ганарыцца, няма манумэнту. Ёсьць толькі дубовы крыж, усталяваны ў 1992 годзе. Каля гэтага крыжа ўсё ўзарана, ёсьць яшчэ камень з шыльдай “Вечная слава героям Аршанскай перамогі 1514 год”. А таксама тры камяні ў гэтым годзе зьявіліся з выявамі Сапегі, Хадкевіча і гетмана Астроскага".
Па выніках мастацкага пленэру заплянаваная выстава прац мастакоў. 8 верасьня споўніцца 500 гадоў з дня перамогі 30-тысячнага войска ВКЛ Канстантына Астроскага ў Аршанскай бітве над 80-тысячным войскам Вялікага Княства Маскоўкага.
Радыё Рацыя