У полацкім музэі кнігадрукаваньня 24 чэрвеня адбылася прэзэнтацыя новага выданьня кнігі Ўладзімера Арлова «Ад Полацка пачаўся свет». У перапоўненай залі бібліятэкі музею прысутнічалі стваральнікі выданьня – аўтар, выдавец, фатограф, рэдактар, перакладчык. Прэзэнтацыя суправаджалася жывой музыкай маладых музыкаў, што граюць на старадаўніх інструмэнтах, з гурту «Літы Талер».
Гэта другое, і ў той самы час новае, выданьне кнігі «Ад Полацка пачаўся свет» пісьменьніка, гісторыка, палачаніна Ўладзімера Арлова. Кніга дапоўненая новымі фотаздымкамі ацалелых старадаўніх рэліквіяў і музэйных экспанатаў, якія захоўваюцца сёньня ў музэях Полацку, панарамнымі фатаздымкамі гораду з вышыні палёту птушкі.
Кніга выдадзеная на беларускай мове з паралельным перакладам на ангельскую. Выданьне разьлічанае на папулярызацыю гістарычнай спадчыны Беларусі. Як адзначалася на сустрэчы з Уладзімірам Арловым, Полацак – найстарадаўнейшы горад у Беларусі, і яго ўзрост значна большы за афіцыйна ўсталяваны 1152 год. Полацак згадваецца ў летапісах у адзін час з Кіевам, адпаведна Полацку каля 1500 гадоў.
Фундатар новага выданьня кнігі Павал Бераговіч нарадзіўся ў Сыбіры, у сям'і зь беларускімі каранямі, самастойна вывучыў беларускую мову і цяпер ягоная фундацыя дапамагае аднаўляць і разьвіваць беларускую культурную спадчыну. На прэзэнтацыі прагучала і новая інфармацыя пра пошукі знакамітага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Зьявіўся чалавек, які заявіў, што зусім нядаўна трымаў гэтую рэліквію ў сваіх рукох.
Прэзэнтацыя кнігі па традыцыі скончылася аўтограф-сэсіяй. Усе дзеці, якія прысутнічалі на прэзэнтацыі, атрымалі ад аўтара кнігі падарункі, зьвязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі.