У Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна адмовіліся ад падпіскі на гэтыя выданьні на 2014 год. Бібліятэкаркі кажуць, што гэта загад аблвыканкаму – абласнога ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі. Прынамсі, так яны тлумачаць сытуацыю незадаволеным наведнікам, якія пытаюцца, куды падзеліся газэты.
Карэспандэнт сайту "Народныя навіны Віцебска" спытаўся ў дырэктара абласной бібліятэкі Аляксандра Сёмкіна, чаму вырашана адмовіцца ад падпіскі. І атрымаў адказ, што "размова ідзе пра простае скарачэньне бюджэтнага фінансаваньня", але, "калі рэдакцыі самі стануць дасылаць сьвежыя нумары, ніхто іх выкідаць ня будзе".
Тым ня менш, паводле зьвестак "ННВ", на 2014 год абласная бібліятэка выпісала больш найменьняў пэрыядычных выданьняў, чымся было ў 2013 годзе. А чытачы сайту паведамляюць, што такая самая сытуацыя і ў іншых бібліятэках гораду: прыкладам, у цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя Горкага таксама ня выпісалі на 2014 год ні “БелГазету”, ні “Народную волю”, ні “Нашу Ніву”. Усё гэта дае падставы меркаваць, што эканомія сродкаў ва ўмовах скарачэньня фінансаваньня – зусім не асноўная прычына адмовы ад падпіскі на незалежныя выданьні.
У камэнтарах чытачы "Народных навін Віцебска" выказваюць меркаваньні, што такім чынам парушаецца права на атрыманьне інфармацыі зь незаангажаваных СМІ. Таксама спрачаюцца, ці ёсьць паратункам інтэрнэт: маўляў, усе гэтыя выданьні маюць уласныя сайты. Аднак варта адзначыць, што аматараў папяровых газэт у Віцебску нямала: у аддзелах пэрыядычных выданьняў і беларускай літаратуры заўжды ёсьць наведнікі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў