У віцебскім катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага 18 студзеня адбылася вялікая ўрачыстасьць - біскупскае пасьвячэньне. Новым кіраўніком і духоўным пастырам Віцебскай дыяцэзіі з гэтага дня стаў адзін з самых маладых каталіцкіх біскупаў у сьвеце - 41-гадовы Алег Буткевіч, былы пробашч парафіі Сьвятога Антонія Падуанскага ў Віцебску.
Навіна аб тым, што папа Францішак прызначыў яго біскупам Віцебскім, прыйшла 29 лістапада. Нагадаем, што папярэднік Алега Буткевіча - 59-гадовы біскуп Уладзіслаў Блін - сышоў у адстаўку па стане здароўя.
Як толькі вестка дайшла да вернікаў, многія пачалі тэлефанаваць адзін аднаму зь віншаваньнямі. Людзі выказвалі вялікую радасьць і задавальненьне: "Новы біскуп - надзвычай моцны вернік, сапраўдны прыклад для іншых. А да таго ж ён малады, энэргічны і свой, тутэйшы. Ён жа наш зямляк, браслаўскі, беларускі чалавек. Родную мову выдатна ведае і размаўляе толькі на ёй. А якія ён цудоўныя казані прамаўляе! Проста ў самае сэрца б'е сваім словам!"
А ў сьвятарскім асяродку пра біскупа-намінанта гаварылі, што гэта надзвычай сьціплы чалавек. "Гэта — беларускі эквівалент папы Францішка. Невялікі пакойчык (нават не кватэра!) — гэта ўся ягоная "плябанія"; ксёндз Алег вельмі просты і непасрэдны ў кантактах зь людзьмі, дужа ўразьлівы на патрэбы бедных, з добрым сэрцам і добрым вухам (адораны музычнымі і вакальнымі здольнасьцямі). Апроч таго — рэгулярны госьць ва ўнівэрсытэце імя Машэрава і ў Старасельскай школе пад Віцебскам (яго выступы заўжды карысталіся вялікім попытам у студэнтаў і вучняў), удзельнік тэле- і радыёперадач, і гэта пры тым, што ўвесь час на яго плячох была цяжкая праца па адбудове касьцёла Сьвятога Антонія. Наскрозь беларускамоўны і прасякнуты любоўю да Беларусі", - так пра яго выказаўся вядомы багаслоў і публіцыст Пётар Рудкоўскі.
Сьціпласьць як адну з асноўных чалавечых якасьцей новага біскупа вылучыў і апостальскі нунцый у Беларусі Кляўдыё Гуджэроцьці. Ён узначаліў імшу, падчас якой адбылося біскупскае пасьвячэньне. Герарх, зьвяртаючыся да Алега Буткевіча, сказаў: "Ты узяў тую машыну, якую хацелі выкінуць. Жыў у такім пакою, што, каб дайсьці да яго, трэба было выклікаць хуткую дапамогу. І таму менавіта цябе і абралі. Шмат хто са сьвятароў убачыў у гэтым незвычайнае. Бо ты выбраў беднасьць - дзеля любові. Вядома, колькі ўвагі папа Францішак надае беднасьці. Спадзяюся, што ты станеш у гэтым добрым прыкладам для іншых".
"Ты станеш тварам, розумам, сэрцам віцебскага касьцёлу. І асаблівая сувязь з Хрыстом будзе ўжо ня толькі тваёй асабіста, а будзе як у чалавека, які стаіць на чале лякальнага касьцёлу.<...> Ты станеш наступцам апосталаў. І гэта вялікая таямніца.<...> Дарагі браце! Нічога ня бойся! Хаця ты зараз нават не ўяўляеш, якія цяжкасьці цябе чакаюць. Каб ты ўсё гэта ведаў, то самлеў бы. Аднак Бог шматкроць узмацьніць твае сілы", - сказаў падчас гаміліі галоўны пасьвячаючы біскуп.
Алег Буткевіч паходзіць зь веруючай каталіцкай сям'і, дзе трое дзяцей. І ўсе сталі служыць Богу. Абедзьве ягоныя сястры - манашкі-эўхарысткі.
Таму сёньня многія з прыемнасьцю адзначылі, што арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці прыгадаў падчас гаміліі бацькоў новага біскупа: "Я ведаю, наколькі твая мама занепакоеная тваім пасьвячэньнем. Бо яна ведае, як можа ведаць толькі маці, што значыць мець адказнасьць. Дзякуй ёй за тое, што яна падарыла такога сына. Мама - гэта як беларуская зямля. Яна дала свайму сыну жыцьцё, малако, мову і культуру. Ваш сын не шукаў гэтага месца. Вялікімі высілкамі нам удалося вырваць яго з парафіі, дзе ён служыў раней і дзе была яго сям'я. Калі мы абвясьцілі яму волю папы, то не заўважылі, каб ён скакаў ад радасьці. Але прыняў гэта і абраў сваім біскупскім дэвізам словы з малітвы "Ойча наш" - "Няхай будзе воля твая".
Галоўнаму пасьвячаючаму біскупу - арцыбіскупу Кляўдыё Гуджэроцьці падчас абраду дапамагалі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і старшыня Канфэрэнцыі біскупаў Аляксандар Кашкевіч.
Сьведкамі гэтай падзеі сталі каталіцкія герархі зь Беларусі, Польшчы, Летувы, Латвіі, Украіны, сьвятары Віцебскай праваслаўнай гепархіі, а таксама прадстаўнікі дыпляматычных місіяў розных краін, мясцовай сьвецкай улады і вернікі. Увесь, далёка не маленькі, касьцёл Езуса Міласэрнага быў запоўнены людзьмі.
На цырымоніі таксама прысутнічалі намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкама Ўладзімер Цярэнцьеў і начальнік аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Даніленка. У. Цярэнцьеў зачытаў віншаваньне новаму кіраўніку каталіцкай дыяцэзіі ад імя старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.
На сваёй першай прэс-канферэнцыі ў якасьці біскупа Алег Буткевіч прызнаўся, што яму нялёгка казаць пра свае пачуцьці: "Гэта цяжка акрэсьліць адным словам, я не магу яго знайсьці. Вялікія ўражаньні... Адчуваю вялікую ўдзячнасьць Богу, папе Францішку. Тое, што я стаў біскупам, - нечакана для мяне. Тым ня менш гэтая падзея сталася - Віцебская дыяцэзія мае біскупа. І будзем спадзявацца, што Бог, які зьдзяйсьняе ў жыцьці ўсе справы, сам прызначыў гэтага чалавека. Канешне, я разьлічваю на дапамогу сьвятароў, малітву людзей, супрацоўніцтва з уладамі і проста з добрымі людзьмі".
Новы біскуп мае свой герб, які складаецца з выяў абраза Маці Божай Браслаўскай "Валадарка азёраў" і гербу Віцебску, а таксама подпісу Fiat voluntas tua ("Няхай будзе воля твая"). "Калі ўзяць пад увагу маё паходжаньне - я з Браслава, то не было пытаньняў, што мае быць на гербе. Зразумела, гэта Маці Божая Браслаўская. І другі момант - Віцебская дыяцэзія. Гэта герб з выявай Езуса Хрыста. Злучыўшы іх разам, я думаю, мы атрымалі добрую сымболіку нашай Віцебскай дыяцэзіі, над якой Божая прадбачлівасьць паставіла мяне пастырам", - патлумачыў біскуп Алег Буткевіч.
Наконт сваіх далейшых плянаў кіраўнік дыяцэзіі адзначыў: "Рэвалюцыяў не пляную. Але, як і ў кожнай справе, у кожным доме, у нас ёсьць свае пытаньні, якія патрабуюць вырашэньня. Маю вялікую і шчырую ўдзячнасьць майму папярэдніку - ксяндзу-біскупу Ўладзіславу Бліну - за тое, што я не прыходжу на пустое месца. Бо касьцёл на Віцебшчыне мае 15 год існаваньня. І гэта заслуга біскупа Ўладзіслава Бліна. А ўсе пытаньні будуць вырашацца зь цягам часу, з Божай дапамогай".
Біскуп Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў вёсцы Герасімова Браслаўскага раёну. Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт. Дваццаць год таму, у 1994 годзе, паступіў у Вышэйшую духоўную сэмінарыю ў Гародні. Сьвятарскае пасьвячэньне прыняў у 2000 годзе. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Мёрах, пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. Напрацягу дзесяці гадоў, з 2003 году, быў пробашчам парафіі Сьвятога Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэканам дэканату Віцебск-паўночны.
tut.by