Адчынены адмысловы банкаўскі рахунак «на аднаўленне Манумэнту славы» ў вёсцы Клясьціцы Расонскага раёну. Праўда, мясцовыя ўлады не спадзяюцца сабраць неабходную суму за кошт дабрачынных ахвяраваньняў на банкаўскі рахунак. Яны разьлічваюць на грашовую дапамогу Расеі і Саюзнай дзяржавы.
Расонская «раёнка» цытуе словы старшыні Клясьціцкага сельсавету Мікалая Хаменка, ініцыятара адбудовы помніку, пра тое, што «гэтая сьвятыня можа стаць ня толькі сымбалем перамогі ў вайне 1812 году і сьветлай памяці нашчадкаў, але і візытоўкай раёну з пункту погляду нашай гістарычнай спадчыны».
Помнік у Клясьціцах быў такі самы, як у Полацку. Паводле гісторыкаў, гэта «васьмібаковая піраміда з пазалачоным крыжом наверсе. Аснова помніку круглая, сярэдняя частка калёны ўпрыгожаная васьмю бронзавымі арламі». І ў Полацку, нягледзячы на далёка не аднагалосную падтрымку палачанамі гэтай ідэі, помнік у гонар вайны 1812 году быў адноўлены і адчынены ў траўні 2010 году.
Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці гораду выступілі супраць усталяваньня помніку, што ўшаноўвае памяць часоў Расейскай імпэрыі. Але пытаньне вырашылі грошы: спачатку таксама быў абвешчаны збор ахвяраваньняў, а ў 2006 годзе тагачасны старшыня Полацкага гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладзімер Тачыла зьвярнуўся зь лістом у Парлямэнцкі сход Саюзу Беларусі і Расеі з просьбай садзейнічаць у аднаўленьні помніку.
Адказ быў станоўчым. Сродкі на аднаўленьне былі выдаткаваныя ў тым ліку і зь бюджэту Саюзнай дзяржавы — больш за 4 мільярды беларускіх рублёў. Праект помніку «Героям Айчыннай вайны 1812 году» ў Полацку быў гатовы ў жніўні 2009 году. Адліўкай чыгунных дэталяў займаўся калектыў полацкага заводу ААТ «Тэхналіт-Полацак». Арлоў, мэдалі, вялікі і восем малых купалаў адлівалі з бронзы на Менскім скульптурным камбінаце. У 2010 годзе помнік быў адчынены і асьвечаны архіяпіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем.
Але расонскія ўлады лічаць, што найперш варта было аднаўляць помнік у Клясьціцах, бо менавіта тут адбылася значная ў тагачаснай гісторыі бітва. І спадзяюцца на фінансавую дапамогу беларускай і расейскай дзяржавы.
У 1857 годзе паводле ўказу расейскага цара Мікалая Першага ў Клясьціцах быў узьведзены помнік у гонар удзельнікаў Айчыннай вайны. У ліпені 1812 году пад Клясьціцамі адбылася пераможная бітва, у выніку якой францускаму вайску быў адрэзаны шлях на Санкт-Пецярбург. Помнік-напамін пра гэтую бітву быў разбураны ў 1939 годзе, яго здалі на мэталалом. Аднак рэшткі фундамэнту засталіся, іх знайшлі полацкія краязнаўцы Аляксей і Андрэй Бухавецкія. І сёлета ў пачатку кастрычніка непадалёк ад гэтага месца быў пакладзены памятны камень з шыльдачкай пра тое, што тут быў помнік-капліца.
Радыё Свабода