Раз на месяц на праекце «Забаўлянкі для Янкі» будуць расказваць пра штосьці спрадвечна беларускае – «батлейку», «выцінанку», «калыханкі», «забаўлянкі». Прэзэнтацыя праекту прайшла ў Віцебску ў нядзелю, 27 кастрычніка.
– Можна сказаць, праект нарадзіўся спантанна, – распавядае адна з каардынатараў «Забаўлянак» Сьвятлана Чакушка. – Адна наша дзяўчынка са студэнцкага этнаграфічнага таварыства «Поўнач» год таму нарадзіла малога. І сутыкнулася з праблемай – вельмі мала інфармацыі пра тое, якія калыханкі сьпяваць дзіцяці, у якія гульні зь ім гуляць, якія «забаўлянкі» распавядаць , каб выхоўваць яго сапраўды па-беларуску. Так і нарадзілася ідэя сабраць беларускі дзіцячы фальклёр, сыстэматызаваць і прапанаваць маладым мамам.
На першым занятку было ўсяго патроху – і песенькі, і гульні, але націск зрабілі на навучаньне матуль сьлінганашэньню. І аповеду пра тое, што сьлінг - гэта зусім ня нейкая модная замежная «фішка», а спрадвечна беларускі мэтад. Толькі беларускія сялянкі, зразумела, не называлі полкі, у якіх яны насілі немаўлятаў, сьлінгамі. Яны дзяцей «у хустках» насілі…
На сустрэчу прыйшлі ня толькі беларускамоўныя матулі, але і ўсе, каму была цікавая ідэя. Самому маленькаму «ўдзельніку» – месяцы чатыры, але збольшага сабраліся мамы са старэйшымі дзеткамі. Сустрэчы будуць ладзіцца раз на месяц. Павучыцца будзе чаму і мамам і дзеткам – тыя, хто старэй, даведаюцца, што такое самаробная беларуская лялька, «выцінанка», тэатар «Батлейка».
Камсамольская праўда ў Беларусі