Чалавек, Культура, Горад. Што паміж імі — кропкі ці коскі? Якім бачаць разьвіцьцё Віцебску яго жыхары і якія праекты ў галіне культуры ім цікавыя найперш? Менавіта гэта абмеркавалі падчас “Кірмашу праектаў”, зладжанага грамадзкай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”. Віцебская імпрэза зрабілася заканамерным працягам “Кірмашоў”, што прайшлі ў Гомелі і Магілёве, і грамадзкай дыскусіі і прэзэнтацыі фэстывалю беларускамоўнай рэклямы “Аднак” у горадзе над Дзьвіной.
“Мэта сёньняшняй сустрэчы — дапамога ў праявах ініцыятывы тым, хто клапоціцца не толькі пра сваё, абмен кантактамі між людзьмі, якія шукаюць партнэраў для рэалізацыі праектаў у галіне культуры і якія змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэньне культурнага жыцьця гораду!” — зазначыў вядоўца віцебскага “Кірмашу праектаў” Уладзімер Булаўскі.
Пра неабыякавасьць грамады сьведчыла як яе колькасьць, так і якасьць прэзэнтаваных ідэяў, а таксама камэнтароў і заўваг. Болей за пяцьдзясят віцяблян прыйшло ў гэты дзень у клюб “Паддашша”, які нядаўна аднавіў сваю дзейнасьць, прадставіць свае праекты (сярод прысутных былі як зацікаўленыя ў рэалізацыі і пошуку партнэраў, так і актыўныя культрэгеры Віцебску, якія ацэньвалі прапановы).
У вітальным слове ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” яе PR-мэнэджэр Алесь Плотка расказаў пра мінулыя імпрэзы ў Гомелі і Магілёве і далейшыя пляны “Кірмашу” — пра стварэньне вялікага банку ідэяў, дзе любы ахвочы зможа далучыцца да ўжо гатовага праекту ці прапанаваць грамадзе свой. Ён нагадаў пра тое, што параўнаць праекты розных гарадоў заўжды можна на сайце кампаніі і шчыра пажадаў кожнаму з праектаў зрабіцца такім жа народным, як месца іх прэзэнтацыі — культавы для Віцебску “Бітлз-клюб”.
Агулам у Віцебску было прадстаўлена 11 праектаў. Гэта ідэі пра выданьне каталёгу прац Аляксандра Салаўёва, модныя цяпер у Беларусі канцэпцыі брэндынгу роднага гораду, конкурс сучасных беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, выданьне навукова-папулярных паштовак для аматараў і настаўнікаў гісторыі. Шчыра радавала і тое, што былі прапанаваныя праекты для розных па ўзросьце мэтавых аўдыторыяў — ад сур’ёзнага “дарослага” канструктыўнага мастацтва да “Забаўлянак для Янкі” для самых маленькіх. Не засталіся без увагі тэмы дабрачыннасьці (праект “Вялікая і добрая супольнасьць”), кінамастацтва (праект cайта KINAPOSHUK і праграма падтрымкі маладых рэжысэраў) і сучасныя асьветніцкія праекты (“Таямніцы Віцебску”, “Віцебск: папулярнае мінулае” і “Інфармацыйны гід па Віцебску”).
Адразу пасьля прэзэнтацыяў прагучалі прапановы выкарыстоўваць канкрэтныя пляцоўкі ад іх гаспадароў, а некаторыя з культмэнэджэраў абмеркавалі магчымасьць супрацы ў прыватнай размове. Зрэшты, узровень публічнасьці ў працэсе падрыхтоўкі кожны абірае сам — галоўнае, каб вынік быў на карысьць культуры гораду.
Budzma.org