Віцебскія аматары прыгожага пісьменства і сьпеваў атрымалі цудоўны падарунак – 27 лістапада ў абласной бібліятэцы прайшла сустрэча зь беларускім паэтам і эсэістам Леанідам Дранько-Майсюком і паэтам, бардам Эдуардам Акуліным. Гэткай жа кампаніяй яны прыяжджалі ў Віцебск і пяць год таму.
Дранько-Майсюка называюць “Дон-Жуанам беларускай літаратуры”: за тонкую пачуцьцёвасьць у вершах, за адметны стыль, за ягоны лірычны гімн жанчыне. Ня так даўно паэт адзначыў сваё 50-годзьдзе. Таму, як пажартаваў Акулін, ператварыўся ўжо ў “Дон-Кіхота”. Але, нягледзячы на зьмену “вобраза”, Леанід па-ранейшаму зьбірае паўнюткія залі прыхільніц сваёй творчасьці. Так было ўчора і ў Віцебску: паслухаць яго прыйшлі пераважна адны жанчыны.
Леанід Дранько-Майсюк прэзэнтаваў сваё апошняе па часе выданьне – «Кнігу для спадарыні Эл» (выйшла два месяцы таму ў Бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў “Кнігарня пісьменьніка”). У зборнік увайшлі проза, п’еса і, канешне ж, цудоўныя вершы. Літаратар разважаў на тэмы, досыць балючыя для беларускага мастацтва. “У нашым кіно, літаратуры, жывапісе сёньня сурагат, яны існуюць у нейкім хаосе”, – адзначыў ён. І заўважыў, што ў нацыянальнай гісторыі існуе процьма добрых сюжэтаў для “Беларусьфільма”.
“Калі каралева Бона прыяжджала ў Пінск, да яе заўсёды прывозілі каралеўскага мастака з Давыд-Гарадка - Алеся Навошу, які меў незвычайную мужчынскую прыгажосьць. Легенда гэта ці не легенда, гістарычная праўда ці цудоўная паэтычная выдумка, але гэта такі сцэнарны ход для “Беларусьфільма” – каханьне каралевы Боны да палескага мастака. Гэта быў бы такі прыгожы, такі цікавы, такі касьцюмны фільм! І наша душа адпачыла б на нашай гісторыі, харастве нашай прыроды і псіхалёгіі. І хоць на гадзіну-дзьве мы забыліся б на тыя фільмы, што штодзень круцяць па ўсіх тэлеканалах. Акрамя таго, у нас можна здымаць фільмы пра Браніслава Тарашкевіча, пра братоў Луцкевічаў, пра Вацлава Ластоўскага, пра Янку Купалу. Нават пра Купалу ў нас няма фільма!..” – скрушана адзначыў паэт.
Песьняра ўзгадаў і Акулін. Спачатку ён прэзэнтаваў літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”, а потым прасьпяваў некалькі сваіх новых песень. І адну старую, неўміручую – “Янка Купала”. Гітарай, голасам і жартамі Эдуард так зачараваў жаночую аўдыторыю, што аплядысмэнты для яго не сьціхалі доўга…
Народныя навіны Віцебска