Кніга ў перакладзе на беларускую выйшла ў літаратурнай сэрыі «Чэская калекцыя». Прэзэнтацыя адбылася на творчай пляцоўцы арт-пабу «Торвальд».
Паводле словаў перакладчыка і куратара сэрыі «Чэская калекцыя» Сяргея Сматрычэнкі, які выступаў на сустрэчы ў ролі мадэратара, цяперашняя імпрэза ў Віцебску стала першай сярод сустрэч з чэскімі пісьменьнікамі па-за межамі Менску.
У якасьці гаспадара вітальнае слова казаў Уладзімер Булаўскі. Ён адзначыў, што прымаць у Віцебску пісьменьніка з Чэхіі ў 500-гадовы юбілей скарынаўскай Бібліі, якая зьявілася ў тым ліку і дзякуючы набыткам чэскай культуры, досыць сымбалічна.
Далей слова ўзяў прадстаўнік чэскай амбасады Павал Бучак, які прамаўляў украінскаю моваю. Дыплямат адзначыў, што Яхім Топал – вядомы ў Чэхіі пісьменьнік, да таго ж вельмі пазытыўны чалавек з вельмі вядомай сям'і літаратараў, і таму выказаў спадзеў, што сустрэча спадабаецца.
Раман Яхіма Топала яшчэ пахне друкарскай фарбай, і ўсяго некалькі дзён таму ён упершыню быў прадстаўлены на кніжнай выставе ў Менску. «Цэх д'ябла» – гэта другі твор аўтара, які выйшаў ў перакладзе на беларускую. Першы надрукавалі яшчэ ў 2008 годзе ў аднайменнай кнізе «Анёл», якую ўкладальнікі жартам называюць «Тры Топалы на Плюшчысе» і ў якой сабраныя творы трох Топалаў: бацькі Ёзафа і дваіх яго сыноў – Яхіма і Філіпа.
Тады ў лютым 2008 году Яхім упершыню прыляцеў у Беларусь на прэзэнтацыю кнігі «Анёл» і, пабыўшы тут два дні, пабачыў і перажыў столькі ўсяго, што перажытае і пабачанае натхніла яго на новы твор, раман «Цэх д'ябла». Таму падзеі гэтай кнігі адбываюцца ў тым ліку і ў краіне пад назвай Беларусь, у Менску і яго ваколіцах.
Кажа Яхім Топал:
– Калі беларускі чытач прачытае гэту кнігу, ён скажа: «Але якая ж гэта Беларусь?» Таму я кажу, што гэта кніга-фантазія, альбо фантасмагорыя. Жывучы ў Чэхіі, я заўжды пытаюся ў сябе, дзе ж я, уласна, жыву. І трэба адзначыць, што да 26-ці гадоў я жыў у вялікай савецкай імпэрыі. Мне падаецца, што ў сувязі з неспрыяльнымі гістарычнымі абставінамі чэхі, як народ, набылі комплекс ахвяры. Калі ж я ўпершыню прыехаў у Беларусь, беларусы падаліся мне вельмі спакойнымі. Тады ўпершыню я патрапіў у музэй Вялікай Айчыннай вайны, і там на мяне наваліўся адзін шок за другім: калі ў Чэхіі і Славаччыне загінулі тысячы, то тут – мільёны. А пасьля былі Курапаты і была Хатынь. Можаце ўявіць, што за два дні адбылося ў маёй сьвядомасьці. Я зразумеў, што мы адно пра аднаго нічога ня ведаем. Да таго ж вялікае ўражаньне на мяне зрабіла тады кніга «Я з вогненнай вёскі».
У кнізе Топала пераасэнсоўваецца жудасная таталітарная мінуўшчына. Але каб зацяніць жудасьці, у якасьці галоўнага пэрсанажу ўведзены герой, які ніколі ў жыцьці ня быў у піўнусе, ня піў піва і які на працягу невялікага раману тройчы закахаўся ў трох розных жанчын, што можна ўспрымаць як love story. Галоўны герой кнігі нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў у горадзе-фартэцыі Тэрэзін, дзе ў вайну быў зборны лягер для габрэяў, адкуль людзей пасылалі далей у розныя канцэнтрацыйныя лягеры Эўропы, перадусім ў Асьвенцім, але і ў Менск таксама. Дзея рамана адбываецца пасьля вайны.
Кожная краіна мае свае адметнасьці, кожнай ёсьць, што прапанаваць сьвету. І найперш гэта архітэктура. Але калі архітэктура эўрапейскіх краінаў за вайну амаль не пацярпела, то што прапанаваць сьвету Беларусі? Парк скуралупскага пэрыяду? Скансэн таталітарызму? Мяхі костак? Бочкі крыві? Шмат у чым гэта фантасмагарычная кніга, але ў яе ўплятаюцца абсалютна рэальныя рэчы.
Будзем спадзявацца, што гэткія сустрэчы дапамогуць чэхам і беларусам глыбей зразумець адно аднаго.
Дарэчы, адзначу, што ў гэты дзень з чэскага ў арт-пабе было толькі піва «Bernard».
С. Горкі