У Полацку завяршылі рэканструкцыю помніку літары «Ў», паведаміў мясцовы краязнаўца Андрэй Бухавецкі.
Аўтар праекту рэканструкцыі – полацкі мастак Ігар Куржалаў. Ён жа вырабіў і ранейшы варыянт помніку, які ўсталявалі ў 2003 годзе, падчас сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства. У 2014-м кампазыцыю пашкодзілі, сёлета мясцовыя ўлады знайшлі грошы, каб яе абнавіць.
Помнік зьмяніўся. Цытата Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацку пачаўся сьвет» раней знаходзілася на круглай пліце пастамэнту, цяпер – на адной з граняў стэлы. У абноўленым варыянце можна прачытаць і імя аўтара гэтага радка. У літару «С» у слове «сьвет» упісаны знак-сыгнэт Францішка Скарыны – сонца і месяц, якія перакрываюць адно аднаго.
На другой грані стэлы раней знаходзілася стылізаваная літара «Ў», цяпер – яе паменшаная выява курсівам. Вышэй – шэраг словаў рознымі шрыфтамі, у якіх ёсьць літара: Эўфрасіньня, Браслаў, настаўнік, слоўнік, дзеяслоў і г.д.
news.tut.by