У перадпачатку «Славянскага базару» вернікі віцебскай Эвангеліцка-Лютэранскай парафіі Сьвятога Лукаша ўнесьлі сваю лепту ў добраўпарадкаваньне гораду над Дзьвіной. Яны зладзілі талаку, каб абнавіць закладны камень царкоўнага будынку. Талака завяршылася кароткім набажэнствам пад адкрытым небам, прыканцы якога ўсе разам памаліліся за Беларусь, прасьпяваўшы вядомы гімн «Магутны Божа».
Закладны камень будынку будучага Эвангеліцка-Лютэранскага цэнтру быў усталяваны ў зялёнай зоне ля гатэлю «Ветразь» у 1999 годзе і пасьля ні разу ня чысьціўся і не падфарбоўваўся. За гэты час ён прыйшоў у запусьценьне, таму вернікі ахвотна адгукнуліся на просьбу чыноўнікаў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску прывесьці яго ў належны стан.
У 1999 годзе камень асьвяціў арцыбіскуп ELKRAS (па-нямецку: Evangelisch-Lutherische Kirche in Russland und anderen Staaten – Эвангеліцка-Лютэранская Царква ў Расеі і іншых дзяржавах) Георг Крэчмар. Тады лютэранскія суполкі Беларусі не належалі да якой-небудзь царкоўнай структуры, і меркавалася, што калі яны нарэшце аб'яднаюцца, то ўвойдуць у юрысдыкцыю ELKRAS - агульнай царквы нямецкай традыцыі ўсіх краін СНД.
Аднак калі праз год першае ў краіне аб'яднаньне суполак у адзінае царкоўнае цела стала рэальнасьцю, прадстаўнікі большасьці Лютэранскіх парафіяў Беларусі з розных рэгіёнаў вырашылі інакш і на Ўстаноўчым Сынодзе абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Эвангеліцка-Лютэранскай Царквы. Дарэчы, адбылася гэтая падзея ў Віцебску.