“Зараджэньне майстэрства” – тэатралізаванае прадстаўленьне пад такой назвай адбылося ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасьці. Падчас мерапрыемства прайшла дэманстрацыя мясцовых старадаўніх народных касьцюмаў, створаных майстрамі Глыбоцкага дому рамёстваў. Імпрэза была прымеркаваная да году культуры.
Паводле словаў майстроў, якія займаліся рэканструкцыяй строяў, самым складаным было знайсьці інфармацыю, давялося зрабіць шмат экспэдыцыяў, а матэрыялу назьбіралася ня так і шмат. Але і выраб самога касьцюму – нялёгкая справа.
– Гэта вельмі цяжкая праца, таксама трэба шмат грошай укласьці, каб зрабіць дасканалы строй. Усё сшываецца ўручную.
– Мы шукалі матэрыялы, аднаўлялі іх. Мне давялося вышываць бісэрам гарсэт. Калі апранаеш народныя строі, а ў мяне быў вобраз паненкі, адчуваеш сябе сапраўднай паненкай!
– Было цяжка, але вельмі хацелася зрабіць касьцюм такім, якім ён быў насамрэч. Гэта для мяне было важна. Я лічу, калі ўзяўся за справу, трэба рабіць яе дасканала.
На першым абласным сьвяце-конкурсе народнага касьцюму “Сьцяжкі майстэрства”, які праходзіў у Сяньне напрыканцы мінулага году, глыбоцкі касьцюм заняў другое месца. Майстры Глыбоччыны былі ўганараваныя дыплёмам у намінацыі “Рэканструкцыя традыцыйнага ладу рэгіёну”. На конкурс Глыбоцкі дом рамёстваў прадставіў рэканструкцыю касьцюмаў Х-ХІІ стагодзьдзяў.
racyja.com