На выставе ў Талінскай цэнтральнай бібліятэцы паказваюць самую вядомую сэрыю габэленаў Баранкоўскай, прысьвечаную дзеячам беларускай культуры.
Выставу ладзіць Беларускі цэнтар у Эстоніі. Арганізатары абяцаюць эстонцам, што падчас экскурсыі, яны разьвеюць міты савецкай і расейскай імпэрскай прапаганды.
Апроч ткацкіх работ Баранкоўскай, на беларускай выставе ў Таліне паказваюць рэдкія кнігі з фонду Грамадзкай бібліятэкі беларускай літаратуры імя Уладзімера Караткевіча. Сярод кніг – і нядаўна выдадзеныя ў незалежным выдавецтве “Галіяфы”.
Трэцяя частка экспазыцыі – гэта вырабы вучняў і падручнікі Нядзельнай школы беларускай культуры ў Таліне імя Караткевіча.
Прэзэнтуецца таксама сэрыя “Гэральдыка Беларусі” – працы, выкананыя навучэнцамі нядзельнай школы.
Выстава ставіць мэтаю бліжэй пазнаёміць эстонцаў з культурай Беларусі, паведамляе bublik.delfi.ee.