Грамадзкая арганізацыя «Сэфер» з Масквы наведала Глыбокае. Сябры арганізацыі будуць тыдзень праводзіць экспэдыцыю па вывучэньні жыцьця глыбоцкіх габрэяў.
У складзе экспэдыцыі трыццаць навуковых супрацоўнікаў, этнографаў і студэнтаў з ЗША, Украіны, Расеі ды Беларусі. Яны вывучаюць надпісы на габрэйскіх могілках і складаюць іх мапу, дакумэнтуюць артэфакты, запісваюць успаміны старажылаў пра жыцьцё габрэяў у даваенны час і гады Другой сусьветнай вайны ў Глыбокім.
Паводле слоў кіраўніка групы эпіграфістаў Аляксандры Фішаль, вывучэньнем могілак яна займаецца шмат год, таму што гэта важная гістарычная крыніца: «Калі казаць пра Глыбокае, то тут незвычайныя для Беларусі шрыфты сустракаюцца, незвычайныя, прыгожыя літары. Нягледзячы на тое, што выразаць па граніце, які тут пераважна прысутнічае, цяжка. Цяпер можна сказаць, што гэтыя могілкі насамрэч старыя і вельмі цікавыя. Частка камянёў, якія тут ёсьць, – гэта старая частка, яны некранутыя. На ўваходзе напісана, што разбураная фашыстамі. Вось гэтая частка відавочна не была разбураная – гэта мы ўжо дакладна ведаем, бо камяні даволі глыбока сышлі ў зямлю – гэта сьведчыць пра тое, што яны не перасоўваліся з моманту ўсталяваньня».
Па выніках экспэдыцыі будзе зроблены электронны каталёг і выпушчаная брашура пра жыцьцё габрэяў у Глыбокім з аналітычным матэрыялам, а таксама картаграфічныя зьвесткі могілак і пахаваньняў.
Радыё Рацыя