Сёлетні сьвяточны гандаль на «Славянскім базары» адрозьніваўся ад ранейшых гадоў меншай пакупніцкай здольнасьцю насельніцтва.
У астатнім усё было, як і заўсёды. Падчас «Славянскага Базару» сярод жыхароў Віцебску ды ягоных гасьцей « Горад майстроў» заўжды зьяўляўся найбольш прыцягальным для наведваньня месцам. Разнастайнасьць гандлёвых і забаўляльных пунктаў, сканцэнтраваных на невялікай прасторы, напоўніцу адпавядае пераборлівым людзкім густам і запатрабаваньням.
Асаблівым попытам сярод знаўцаў мясцовага антыкварыяту карыстаюцца рэчы з вядомымі прыкметамі часу: зьнімеш іржу ці паціну – ужо не падабаецца. Купляюць імбрычкі, падсьвечнікі, рондалі, колы, маслабойкі, прасы, нейкія кавальскія вырабы...
Любяць пакупнікі і рэчы часоў Другой сусьветнай вайны: каскі, мэдалі, атрыбуты адзеньня, рэчы вайсковай амуніцыі. Купляюць іх у асноўным для сваіх уласных музэяў, некаторыя для інтэр'еру ці для афармленьня сваіх сядзібаў, лазьняў.
Шмат народу падыходзіць, цікавіцца, хацелі б нешта купіць, але бальшыня кажа, што грошай няма. Многія прыносяць на продаж нейкія фамільныя рэліквіі. Нягледзячы на тое, што гандляры па-добраму жартуюць – бальшыня зьдзелак зрываецца:
– Гэтым рубанкам папа Карла асабіста выстругаў Бураціна, – кажа прадавец зацікаўленаму пакупніку. Абодва вяселяцца, але далей сьмеху справа ня рушыць.
– А вось гэта валіза, зь якой Хрушчоў ехаў на цаліну. Ня абы-што. Дарэчы, у нас на кожную рэч маецца сэртыфікат, – не спыняецца гарэзьлівы гандляр.
– Сёлета прыбыткі ўпалі ў разы. Раней пакупнікі з Расеі асабліва не глядзелі на цану, а цяпер скажаш: «Сто даляраў» – а гэта цяпер шэсьць расейскіх тысячаў, – ужо зусім іншы расклад. Праўда, бывае зрэдчас натрапяць на нашыя развалы выпадковыя пакупнікі з заходніх краінаў: Нямеччыны, Новай Зэляндыі нават, – распавядае адзін з гандляроў.
У «Горадзе майстроў» багата прадстаўлена ганчарнае мастацтва. Віцебскі ганчар Сяргей гандлюе жбанкамі, піўнымі кухлямі, іншым посудам, а таксама плякеткамі – пляскатымі глінянымі вырабамі малой скульптурнай формы, мэдальерамі, на якіх выціснутыя разнастайныя рэльефныя выявы зь беларускай нацыянальнай сымболікай.
Уразіў майстар-ганчар з Івянца, які разам са сваім напарнікам распрацаваў уласную, самабытную тэхналёгію вытворчасьці ганчарных вырабаў. Гліняныя кухлі, жбанкі, рондалі, конаўкі прыдатныя для побытавага ўжытку, прычым у параўнаньні з заводзкімі вырабамі іхны посуд і большай таўшчыні, і больш даўгавечны. Свае вырабы майстар апрацоўвае выключна экалягічнымі матэрыяламі. Так знутры ён апрацоўвае іх пчаліным воскам, а для вырабу даволі прывабнага зьнешне посуду не ўжывае тэхналёгію паліву, бо яна патрабуе выкарыстаньня волава, якое не зьяўляецца экалягічна бясьпечным мэталям.
Багата гандляроў гэтак званага «шырспажыву», якія сваёй якасьцю імкнуцца скласьці канкурэнцыю аналягічнай прадукцыі з Кітаю. Так, мінскія майстры гандлююць недарагой традыцыйнай беларускай керамікай: дзіцячымі глінянымі цацкамі, сьвістулькамі ды танным посудам арыгінальнага колеру. Але і яны скардзяцца на дрэннае эканамічнае становішча ў краіне, якое ўплывае на велічыню іхніх прыбыткаў.
Сярод гандляроў вылучаўся павільён прадстаўнікоў інтэрнэт-крамы зь Бешанковічаў Уладзімера і Аляксандры, якія гандлявалі таварамі з выразным нацыянальным калярытам. Швэдры, шапкі, шалікі, цішоткі, кайстры, беларускія сшыткі, альбомы для маляваньня выкананыя ў бел-чырвона-белых колерах... Для тых, хто чытаў уголас верш ці сьпяваў на роднай мове, гаспадары павільёну рабілі зьніжкі на ўвесь наяўны асартымэнт. Дарэчы, бешанковіцкія маладзёны – адны зь нямногіх, хто быў задаволены вынікамі свайго гандлю і не наракаў на дрэннае эканамічнае становішча.
Віцебская вясна