У першы вясновы дзень у арт-прасторы Vitebsk4Me беларускі філёляг і філёзаф, а па-сутнасьці асьветнік, Валер Булгакаў прэзэнтаваў пасьмяротную манаграфію Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага».
Манаграфія сталася плёнам доўгай працы цэлага калектыву і данінай памяці беларускаму картографу, які заўчасна пакінуў гэты сьвет у 2011 годзе. Таму побач з радасьцю за выхад кнігі ў словах Валера гучалі смутак і горыч з нагоды сьмерці маладога і таленавітага навукоўца.
Спачатку выступоўца распавёў перадгісторыю выхаду гэтай кнігі. Як ён адзначыў, Віктар Цемушаў меў унікальны талент картографа і ў гэтым ён бачыў сваё пакліканьне. Для беларускай гістарычнай геаграфіі гэта вельмі новая галіна ведаў, бо так сталася, што з ідэалягічных прычынаў гэтая справа яшчэ за саветамі была дэлегаваная адпаведным маскоўскім цэнтрам. І наогул, майстэрства картаграфаваньня вымагала вельмі высокіх акадэмічных якасьцяў, бо дасьледчык меў дачыненьні ня толькі з наратыўнымі крыніцамі, але й мусіў апрацоўваць ужо існыя масівы картаў. Хаця картаграфаваньне Літоўска-Маскоўскага памежжа пачалося адносна рана (14-15 ст.ст.), у сучаснай Беларусі гэтая тэма была досыць слаба распрацаваная.
Пасьля выхаду манаграфіі ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі для любога цікаўнага зьявілася магчымасьць прасачыць трансфармацыю ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага з 14-га па першую палову 16-га стагодзьдзяў (аўтарам падрыхтавана ажно 31 гістарычная карта). І, што самае галоўнае, гэтая мяжа разглядаецца навукоўцам у зьвязку з разьвіцьцём адносінаў ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага. Трэба дадаць, што цэлы разьдзел прысвечаны лёсу Гомейскай (Гомельскай) воласьці, якая на працягу доўгага часу займала памежнае становішча паміж ВКЛ і ВКМ.
Шанцаў апублікаваць гэтую кнігу ў нейкім дзяржаўным выдавецтве фактычна не было, таму яна і пабачыла сьвет коштам прыватнай ініцыятывы.
Пры жыцьці ў Віктара Цемушава былі добрыя стасункі з маскоўскімі выдавецтвамі, у якіх выходзілі ягоныя кнігі. Заканамерна ўзьнікае пытаньне: «Ці гэта тое ж самае, што выдавалася ў Маскве?» На гэтае пытаньне Валер Булгакаў адказвае, што кніга нідзе раней не публікавалася, і дапісвалася аўтарам у апошнія месяцы ягонага жыцьця.
Сама ўсходняя мяжа ВКЛ вельмі працяглая, таму так склалася, што найбольш грунтоўна ў кнізе асьветленыя Гомельскі і часткова Магілёўскі ўчасткі мяжы. Кніга вельмі ўнікальная хаця б таму, што ў нашых суседзяў летувісаў нічога падобнага няма, а палякі займаліся гэтым недзе сто гадоў таму, калі дасьледавалі ўсходнюю мяжу Рэчы Паспалітай. У гэтым пляне Віктара Цемушава можна лічыць першапраходцам. Гэта была пякельная праца з рознымі дакумэнтаванымі крыніцамі, картаграфічным матэрыялам… Амаль уся наяўная картаграфія па гэтым рэгіёне стваралася пяць-шэсьць стагодзьдзяў таму, і Віктару давялося самому шмат што тэрыфікоўваць. Сыстэматычна, рэгулярна, мэтанакіравана акрамя яго ніхто гэтым не займаўся.
Будзем спадзявацца, што ў нейкай ступені выдадзеная кніга дапаможа нам ня толькі прасачыць працэс зьменаў межаў, але і зразумець, чаму ў 14-15 стагодзьдзях Маскоўская дзяржава, якая тады была памерам, прыкладна, з сучасную Рэспубліку Беларусь, праз гвалт, агрэсію і вайсковую сілу раптам пачала так імкліва пашырацца. Наогул, у нейкай ступені гэта пэўная гістарычная загадка.
Гэтая манаграфія ня толькі пра мяжу. Яна пра доўгі, шматвекавы эпізод адносінаў паміж дзьвюма дзяржавамі, які вызначаўся бясконцай колькасьцю войнаў паміж імі. У кнізе шмат фотаздымкаў, якія фіксуюць тое, што засталося ад былых земляных ды каменных літоўскіх умацаваньняў на мяжы Старабеларускай Дзяржавы зь Вялікім княствам Маскоўскім.
Цікава было даведацца і пра тое, чаму сёньняшняй мяжы з Расеяй пяцьсот гадоў: дзякуючы нашым рэкам Дзьвіне і Дняпру, продкам сучасных беларусаў не аднойчы ўдавалася стрымліваць маскоўскую навалу і захоўваць дзяржаву ў вядомых цяпер кожнаму межах.