Віцебск стаў 45-м горадам краіны, у якім былы палітвязень, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Беларуская глыбіня». Сустрэча з прыхільнікамі ягонай творчай і палітычнай дзейнасьці адбылася 21 лютага, у памяшканьні «Эўрапейскага клюбу».
Зборнік складаецца з 84-х эсэ, напісаных з 2011 па 2013 гады, падчас адбыцьця «хіміі» за Плошчу- 2010 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці.
Для Паўла гэтая кніга пачалася ў залі суду, суду – паводле ягонага азначэньня – няправеднага. Таму для сябе ён узяў за прыклад Госпада, які таксама стаяў перад няправедным судом і маўчаў – ніякіх паказаньняў ані падчас сьледзтва, ані падчас суду Павал не даваў. І наогул, да ўсяго, што адбывалася зь ім, Павал, зьяўляючыся праваслаўным вернікам, ад пачатку ставіўся, як да промыслу Божага.
Павал Севярынец прыгадаў выпадак, калі на судзе яшчэ да вынясеньня выраку па галівудзкай усмешцы пракурора, што была рэакцыяй на зачытаны ліст ад Згуртаваньня беларусаў сьвету, дасланы ў ягоную абарону, здагадаўся: гэтым разам пашлюць «і падалей, і паглыбей». Але ж ніякіх нараканьняў на лёс: «Слава Богу за Куплін».
І калі плёнам першай адседкі ў Малым Сітне сталі «Лісты зь лесу», то пасьля Купліна выйшла з друку «Беларуская глыбіня», да напісаньня якой заахвочваў і рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, што прыяжджаў да палітвязьня Севярынца ў Куплінскую камэндатуру.
Чаму зборнік мае такую назву: «Беларуская глыбіня»? З пункту гледжаньня Паўла: «Наколькі расейская душа шырокая, настолькі беларуская – глыбокая». І кожнае эсэ мусіць данесьці чытачу гэтую думку. Людзей, глыбейшых за беларусаў у нашым рэгіёне, сярод нашых суседзяў няма. Рэдка якая краіна мае сьвятых усіх канфэсіяў, а Беларусь мае. А колькі літаратараў і музыкаў падаравалі беларусы сваім суседзям! 16 Нобэлеўскіх ляўрэатаў паходзяць з нашае зямлі. Такая канцэнтрацыя геніяў ёсьць толькі ў Ізраіле і некаторых штатах ЗША. На Беларусі жывуць людзі, якія адчуваюць і глыбіню і вышыню. Гэта і ёсьць нашае дабраславеньне. Калі кожны беларус зробіць на сваім месцы тое, на што ён здольны, краіна ў нас будзе абсалютна іншай.
Вяртаньне да сваіх каранёў, да Неба, да Бога – гэта й ёсьць беларускі шлях. «Беларуская глыбіня» – гэта кніга такі беларускі шлях: пра тое, як беларусы вераць, пра тое, як яны зьняверваюцца; пра тое, як беларусы кахаюць, пра тое, як яны крадуць… Беларусы глыбокія ня толькі ў сваіх вартасьцях, яны глыбокія і ў грэху, таму гэтая кніга пра тое, як беларусы п’юць, і пра тое, як яны нарадзілі найвялікшы антыалькагольны рух на прасторах Расейскай імпэрыі, які паўстаў у Пружанскім раёне праз цэрквы і касьцёлы. Рух, супраць якога царскі ўрад скіроўваў гарматы і карныя атрады.
Выява на вокладцы: калодзеж – глядзім у глыбіню, а бачым неба. Калі мы глыбей зазіраем у сябе, тады мы й робімся сапраўды свабоднымі, сапраўды моцнымі.
Кранаючыся тэмы выбараў, Павал Севярынец зазначыў, што ісьці на выбары, ня маючы адзінага пляну, адзінай стратэгіі, ня маючы адзінага кандыдата ў сёньняшніх варунках папросту небясьпечна. Вельмі рызыкуюць тыя, хто пойдзе паасобку. Прапанова БХД: выкарыстаць гэтую кампанію для масавага збору подпісаў за сацыяльныя праблемы, але адмовіцца ад удзелу ў саміх выбарах. Галоўнай справай, якую маглі б зрабіць палітычныя партыі, – гэта распрацаваць шэраг рашучых, радыкальных законапраектаў, скіраваных на абарону незалежнасьці і хуткіх рэформаў у стылі Саакашвілі.
Не пакінуў па-за ўвагай Павал і падзеі ва Ўкраіне, сярод якіх на першае месца палітык ставіць высокі ровень карупцыі, якая замаруджвае шлях украінцаў у Эўропу і павялічвае колькасьць забітых.
Пасьля прэзэнтацыі Павал Севярынец адказаў на шэраг пытаньняў, зададзеных прысутнымі, а напрыканцы кожны ахвотны змог атрымаць кнігу з уласнаручным пісьмовым пажаданьнем аўтара.