Прадстаўнікі габрэйскай грамады Віцебску і Санкт-Пецярбурга ініцыявалі добраўпарадкаваньне аднаго з найстарэйшых габрэйскіх пахаваньняў у Беларусі - могілак у горадзе Бешанковічы. Пра гэта паведаміў кіраўнік габрэйскай грамады Віцебску, гісторык і журналіст Аркадзь Шульман.
"Апошнія пахаваньня праводзіліся некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Паколькі ў Бешанковічах ўжо няма габрэйскай грамады, а ў тых старых-габрэяў, хто дажывае тут свой век, бракуе сіл на расчыстку могілак, яны парасьлі лесам і хмызьняком, скрозь завалы часам цяжка прабрацца да пахаваньняў. Два гады таму быў праведзены суботнік, але могілкі зноў прыйшлі ў запусьценьне. Ініцыятыва добраўпарадкаваньня была падтрымана мясцовымі ўладамі. У добраўпарадкаваньні возьме ўдзел група зь Віцебску, Менску, Санкт-Пецярбургу, чые продкі жылі ў прыгожым мястэчку Бешанковічы. Узяліся паўдзельнічаць і маладзёны з наваполацкага моладзевага грамадзкага аб'яднаньня. Таксама абяцаў падлучыцца мясцовы лясгас, на тэрыторыі якога разьмешчаныя могілкі. І мы запрашаем усіх неабыякавых далучыцца да гэтай акцыі", - сказаў Аркадзь Шульман.
Паводле інфармацыі галоўнага захавальніка фондаў раённага гісторыка-краязнаўчага музэю Станіслава Леаненкі, могілкі зьяўляюцца аднымі з самых добра захаваных старажытных габрэйскіх пахаваньняў у Беларусі. Яны займаюць тэрыторыю ў 4 гектары (у тым ліку абкапаную - больш за 2 гектары) і налічваюць звыш 200 надмагільляў, якія бачныя на паверхні. Пад зямлёй жа знаходзяцца яшчэ сотні, а, мабыць, і тысячы. Згодна з надпісам на камянях на іўрыце, найстарэйшае пахаваньне датуецца 1703 годам.
Старшыня рэспубліканскай фундацыі "Галакост", дырэктар "Музэю гісторыі і культуры габрэяў Беларусі" Вадзім Акапян, які далучыўся да ініцыятывы, дадаў, што па ўсёй Беларусі налічваецца звыш 200 закінутых габрэйскіх могілак, і сіл іх таварыстваў не хапае на тое, каб прывесьці ў парадак усё. У год добраўпарадкоўваюцца адзін-два аб'екты.
Летам пачнуцца работы па расчыстцы тэрыторыі могілак у Бешанковічах ад завалаў. Плянуюцца чэрвеньскі і жнівеньскі працоўныя лягеры. Энтузіясты будуць радыя ўсім, хто захоча ўзяць удзел у рабоце па добраўпарадкаваньні могілак або ўнесьці свой матэрыяльны ўклад.
belta.by