Парусная рэгата пройдзе ў межах фестывалю “Меч Брачыслава”, які адбудзецца ў Браславе на Замкавай гары 18-19 жніўня.
Паводле папярэдняй інфармацыі, удзел у рэгаце возьмуць шэсьць каманд.
Як паведамілі ў Браслаўскім райвыканкаме інтэрнэт-рэсурсу kraj.by, спаборніцтвы на яхтах тут пройдуць упершыню і будуць пробнымі. Таму ад Беларусі будзе толькі адзін удзельнік, астатнія пяць каманд – з Латвіі. Вызначаны ўчастак кожны з удзельнікаў пройдзе пад ветразямі 6 разоў. Пераможцам стане той, чый сумарны час усіх стартаў будзе найлепшым.
У Браславе даўно марылі аб адраджэньні традыцый правядзеньня ў горадзе парусных рэгат. Калісьці ў гэтым курортным горадзе існавала аж некалькі яхт-клюбаў. Першая рэгата, якая пройдзе сёлета, будзе крокам да адраджэньня гісторыі і духу горада.
Што тычыцца фэсту сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”, дык ён па традыцыі пачнецца на гарадзішчы “Замкавая гара”, адкуль адкрываецца прыгожы від на возера Дрывяты, на якім і будуць спаборнічаць яхты пад ветразямі.
У фэсьце возьмуць удзел клюбы гістарычнай рэканструкцыі зь Беларусі, Польшчы да Расіі, у тым ліку віцебскія клюбы «Варгенторн» и «Нагльфар».
У праграме фестывалю – здабываньне жывога агню, рыцарская эстафета, турнір лучнікаў, супольная валка ды шмат іншага. Выступяць музычныя калектывы «Гуды», «Няміга», «Люташ». Можна будзе павучыцца ткаць на кроснах, прасьці на верацяне, апрацоўваць камень, косьці і лён, ганчарыць і танчыць, як танчылі ў Сярэднявеччы.
А падсілкавацца ды кульнуць чарку можна будзе на старажытнай кухні.
Фота centurion-rnd.ru