Вядомы беларускі пісьменьнік, журналіст, мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч прадставіць свой новы раман "Мова 墨瓦" на Франкфурцкім кніжным кірмашы. Аб гэтым аўтар кнігі, якую называюць "баявіком" пра беларускую мову, паведаміў прыхільнікам сваёй творчасьці на сустрэчы ў Віцебску. Яна адбылася 23 верасьня ў бітлз-клюбе "Паддашак".
"Мова 墨瓦" ў арыгінале выдадзеная па-беларуску. Але ёсьць і рускамоўная вэрсія. Учора атрымаў першую прапанову ад знанага перакладчыка перакласьці на ангельскую. Дапушчаю, што гучаньне твору будзе інтэрнацыянальным. У кастрычніку я еду ў Франкфурт-на-Майне, дзе праходзіць самы буйны ў сьвеце кніжны кірмаш, і буду там рабіць прэзэнтацыю "Мовы", - распавёў Віктар Марціновіч.
Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі першая прэзэнтацыя яго новага раману прайшла менавіта ў Віцебску: "Гэта значны, адметны для мяне горад". (Марціновіч абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму "Віцебскі авангард (1918-1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка").
У Менску крыху раней, 10 верасьня, была аўтограф-сэсія, на якой пісьменьнік толькі падпісваў кнігі. Віцебская сустрэча адбылася, як зазначыў спадар Марціновіч, дзякуючы настойлівасьці і энэргічнасьці каардынатара грамадзкай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" на Віцебшчыне Ўладзімера Булаўскага. У беларускай сталіцы прэзэнтацыя твору заплянаваная пазьней.
У друк ужо пайшоў другі наклад твору. "Першы наклад быў рэкордным для сучаснай беларускай літаратуры - тысяча асобнікаў. Прычым ён разышоўся па Беларусі без усялякай рэклямы, дадатковых высілкаў, прэзэнтацыяў, замоўленых рэцэнзіяў - усяго за паўтары тыдні. Гэта фенамэнальны тэмп", - не бяз гонару сказаў аўтар.
Пісьменьнік заінтрыгаваў тых, хто яшчэ не чытаў раман:
- Гэты твор вельмі супярэчлівы, трохі скандальны. І нягледзячы на тое, што ён мае моцны сюжэт, гэта не сюжэтная літаратура. Хаваючыся пад абліччам моўнага "баевіка", тэкст спрабуе адказаць на балючыя пытаньні, якія насьпелі ў нашым грамадзтве. Асноўнае зь іх - мова. Я паспрабаваў асэнсаваць гэтую праблему ў катэгорыях навуковай фантастыкі.
Дзея твору адбываецца ў Менску ў 4741 годзе паводле кітайскага календара. Менск больш не сталіца Беларусі. Тэрыторыя, якую мы зараз называем Беларусьсю, зьяўляецца часткай Паўночна-заходніх зямель саюзнай расейска-кітайскай дзяржавы. Слова "Беларусь" забытае. "Мы ўсе рускія людзі", - кажуць нам героі тэксту.
У гэтым сьвеце задаволеных людзей, для якіх шопінг стаў рэлігіяй, ёсьць нешта, што знаходзіцца пад поўнай забаронай. Гэта "нешта" ёсьць мова. Празь мяжу цягаюць нейкія скруткі і распаўсюджваюць іх у падпольлі. Людзі "падсаджаныя" на мову, яны спажываюць яе, каб атрымаць кайф. Пры гэтым ёсьць сьвет дзяржнаркакантролю, які спрабуе змагацца з распаўсюдам моўнага наркотыку. У кнізе два героі, адзін зь іх - скончаны доўбень (ён "даўбіцца" мовай), і просты "чувачок", які цягае мову празь мяжу. І ў пэўны момант у руках кантрабандыста аказваецца каштоўны скарб...
Пасьля Віктар зачытаў кароткі фрагмэнт з раману. Прызнаўся, што робіць гэта ўпершыню і, магчыма, у апошні раз: "Бо ў меня вельмі дрэнна атрымліваецца чытаць тэксты". І патлумачыў прычыну такой прэм'еры: "Мой сябар Альгерд Бахарэвіч кажа, што гэта важны момант - калі тэкст запускаецца. А сёньня мы маем справу зь беларускім запускам кніжкі. І ад таго, як ты правядзеш зь ёй пэўныя містычныя дзеяньні, залежыць, як яна паплыве".
На сустрэчы можна было набыць раман на беларускай і расейскай мовах, атрымаць аўтограф і, натуральна, задаць пытаньні пісьменьніку.
tut.by