Гарэльеф пісьменьніка, які некалькі месяцаў таму быў зьняты з будынку Парытэтбанку на вуліцы імя Караткевіча ў Воршы, зноў зьявіўся на ранейшым месцы. На працягу некалькіх месяцаў аршанцаў турбавала пытаньне, чаму гарэльеф зьнік, і ці зьявіцца на ранейшым месцы.
Пытаньне было даволі вострым яшчэ і таму, што не было ніякай афіцыйнай інфармацыі пра лёс працы талачынскага скульптара Юрыя Палякова. Таму аршанцам даводзілася давяраць хіба што чуткам, а яны былі самыя разнастайныя – ад вэрсіі пра тое, што уласьнік будынку Ўладзімер Панасенка вырашыў не вяртаць гарэльеф на сьцяну адрамантаванага “Парытэтбанку” да завярэньняў у тым, што пасьля рамонту напамін пра пісьменьніка-земляка зноў апынецца на сваім месцы.
Паводле дырэктара музэйнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны» Ўладзімера Кузубава, хвалявацца гараджанам было ня варта: “Можаце ўсім паведаміць, што гарэльеф на месцы. Як я і казаў раней, Караткевіч вернецца на сваё месца пасьля рамонту. Рамонт будынку завершаны, усё ў парадку, ня варта было рабіць з гэтага вялікі скандал. Мы ўдзячныя прадпрымальніку Ўладзімеру Панасенку за тое, што ён захаваў гарэльеф на час рамонту будынку, які яму належыць. І за тое, што ён гэты гарэльеф адрэстаўраваў – цяпер ён пачышчаны і пакрыты спэцыяльным рэчывам супраць пашкоджаньняў атмасфэрнымі ападкамі”.
Трывога гараджанаў стала паказьнікам неабыякавасьці да памяці пра пісьменьніка, ураджэнца Воршы. І вядома, што пытаньне наконт таго, каб вярнуць гарэльеф на месца, было на асобным кантролі ў Аршанскага райвыканаму і музэйнага комплексу.
Будынак, на якім разьмешчаны гарэльеф — гэта першы будынак на вуліцы Ўладзімера Караткевіча, таму ў 1990 годзе гарэльеф зьявіўся менавіта тут. На той час тут разьмяшчаўся адміністрацыйны корпус аршанскага піўзаводу. Потым прадпрыемства зачынілі, а будынак набыў у прыватную ўласнасьць прадпрымальнік Уладзімер Панасенка.
Цяперашнюю назву вуліца атрымала ў выніку перайменаваньня напрыканцы 1980-х гадоў – раней гэта была вуліца Касманаўтаў, і яна непасрэдна зьвязаная зь лёсам Уладзімера Караткевіча: тут дагэтуль стаіць дом, дзе жыла сям’я пісьменьніка, і дзе ў 1956–58 гадах была напісаная аповесьць «Дзікае паляваньне караля Стаха» і іншыя творы, якія прынесьлі ўраджэнцу Воршы шырокую вядомасьць і папулярнасьць у чытачоў.
orshatut.by