18 ліпеня ўвечары адбудзецца закрыцьцё юбілейнага, дваццаць пятага, «Славянскага базару». Падчас гэтага фэстывалю мастацтваў, што распачаўся ў мінулы чацьвер, жыцьцё ў горадзе заўважна ажывілася, перайшло ў рытм сьвята. Віцебск напоўніўся ня толькі сьвяточнай атмасфэрай, іншымі сталі людзі.
Падалося, нехта ўсёмагутны ўдыхнуў у іхныя твары жыцьцё, якога так не стае ва ўсе астатнія дні году. Столькі па-эўрапейску ўсьмешлівых і адкрытых людзей бачыць у адным месцы даўно не даводзілася.
Сцэнка каля чыгуначнага вакзалу:
— Вось мы і на «Славянскім базары», — кажа бабуля, якая разам з дачкой і шасьцігадовай унучкай некалькі хвілінаў таму прыехала ў Віцебск на цягніку.
— Не, бабуля, пакуль гэта ўсяго толькі вакзал, — сьмяецца гарэзьлівае дзяўчо.
Ля крамы «Веста» мужчына ў вобразе Джэка Вераб'я фатаграфуецца з прыгожымі жанчынамі. Прывітальныя словы на доўгай расьцяжцы запрашаюць гасьцей гораду і ўдзельнікаў фэстывалю. Сквэр на вуліцы Кірава запоўнены гандлёвымі намётамі.
Здымаю накрыўку з фотааб'ектыву, пачынаю фіксаваць сьведчаньні новай моды на нацыянальныя каштоўнасьці. Элемэнты беларускага арнамэнту паўсюль. Яны – на гандлёвых намётах, на адзеньні і рэчах. Попыт на вышыванкі і вышымайкі заўважны няўзброеным вокам.
Гандлярам, што прадаюць тавары выразна нацыянальнай скіраванасьці, прапаную адказаць на пытаньне, якое некаторых чамусьці ставіць у тупік:
— Калі «Славянскі базар» стане «Беларускім альбо Віцебскім кірмашом»?
— Калі Беларусь стане беларускай, — адказвае пан, нібыта загадзя падрыхтаваўшыся. І працягвае: — Вы ведаеце, калі мы прапаноўваем бацькам дзіцячую прадукцыю, казачкі, фільмы на роднай мове, тыя адказваюць: «Ім яшчэ рана вучыць беларускую мову». Удумайцеся толькі, тую мову, якую яны мусяць чуць зь пялюшак.
— Калі беларусы пачнуць праяўляць ініцыятыву, калі будуць жыць са сваёй справы, калі мова будзе ня модай, а ўнутранай патрэбай, — выказвае сваё меркаваньне кабета.
Наўпрост на лаўцы дачка дзіцячага пісьменьніка зь Віцебску Рыгора Шакулава гандлюе кнігамі свайго бацькі, надрукаванымі на ўласны кошт. Да стагодзьдзя віцебскага казачніка яна са сваімі дзецьмі выдала зборнік твораў, у які ўвайшлі найлепшыя казкі, напісаныя з 1954 па 1973 гады. За савецкімі часамі кнігі віцебчука выходзілі накладам па 100-150 тысячаў асобнікаў.
Жыцьцё віруе, але пад пільным наглядам міліцэйскіх патрулёў. І гэты элемэнт тутэйшай рэчаіснасьці вяртае ў рэальны сьвет штодзённай будзённасьці, які адразу надыдзе, як толькі разьедуцца па дамох гандляры і артысты, разам з гасьцямі.
С. Горкі