Ураджэнец Воршы мастак Мікола Купава зьвярнуўся да грамадзкасьці з адкрытым лістом, у якім заклікае зьвярнуць увагу на праблему адраджэньня аршанскага кляштару базылянаў. Мастак адзначае, што гаспадары гэтага помніку архітэктуры XVIII стагодзьдзя, які ўжо 10 год стаіць бяз даху і разбураецца, абсалютна абыякавыя да стану будынку. Рэстаўрацыя, распачаць якую абяцалі яшчэ ў красавіку, так і не пачалася.
Між тым, лічыць Купава, важна не толькі распачаць рэстаўрацыю, але і каб адноўлены вобраз кляштару быў такім, якім яго стварылі два з паловай стагодзьдзі таму. Як лічыць мастак, нярэдка самабытнасьць беларускай архітэктуры бывае страчаная, калі рэстаўруюцца культавыя будынкі. Асабліва часта гэтак здараецца, калі іх аднаўляюць не ў першапачатковым абліччы, а ў пазьнейшым – такім, якія яны былі пасьля перабудовы, калі ў XIX стагодзьдзі “патрабавалася мяняць аблічча помнікаў, прыстасоўваючы іх да расейскай вобразнай сыстэмы”.
“Нашы помнікі архітэктуры выглядалі імпазантна, узвышана, урачыста і велічна. У іх быў вельмі высокі дах, які і ствараў веліч помніку, яго шыкоўны выгляд”, – піша Мікола Купава. Прыкладам удалай рэстаўрацыі ён лічыць “будынак менскага Базылянскага кляштару, які адноўлены ў 90-х гадох XX ст.”, і мяркуе, што “гэтая праца для аршанскіх рэстаўратараў зьяўляецца прыкладам”.
Мастак акцэнтуе ўвагу на тым, што архітэктурнага комплексу кляштару базыльянаў нашы сучасьнікі ніколі ня бачылі: ён зьнік пасьля перабудовы ужо ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Таму “наша задача аднавіць яго паводле ўсіх правілаў рэстаўрацыі”, – рэзюмуе Мікола Купава.
euroradio.fm