Беларускі паэт і палітык Уладзімер Някляеў у гадавіну сьмерці свайго сябра Рыгора Барадуліна наведаў ягоную магілу.
«Я зьезьдзіў да яго ва Ўшачы. Зь Сяргеем Шапранам і Вольгай. Там ціха. Туманна. Як у адной з аповесьцяў Васіля Быкава, ды сястры якога зайшлі мы, вяртаючыся з могілкаў. І выпілі з Валянцінай Уладзімераўнай за памяць Васіля і Рыгора па кілішку “Зуброўкі”, купленай Быкавым яшчэ ў 1993 годзе. Уяўляеце, як яна за 22 гады настаялася!.. Сапраўды ЗУБРОЎКАЙ стала», - піша Някляеў на сваёй старонцы ў сацсетцы.
«За гэты час маглі настаяцца і мы, беларусы. І сапраўды стаць БЕЛАРУСАМІ, НАРОДАМ. Але ня сталі. Не настаяліся пакуль. Валянціна Ўладзімераўна схавала ў патаемнае месца распачатую пляшку: “Няхай Яшчэ пастаіць...”» - адзначае паэт.
Сам Уладзімер Някляеў нядаўна стаў ляўрэатам літаратурнай прэміі імя іншага вядомага беларуса Алеся Адамовіча, якая штогод уручаецца ПЭН-цэнтрам.
zapraudu.info