Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
28993212

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Аляксей Гаўруцікаў: Я б сам з радасьцю пабайкатаваў, седзячы на канапе

Пасьля выбараў у парлямэнт прайшло ўжо больш за два тыдні. Дастаткова, каб эмоцыі крыху супакоіліся. Пра выбар між выбарамі і байкотам, пра шалёны водгук выбаршчыкаў і псыхічнае здароўе сьвежавыбраных дэпутатаў мы гутарым з экс-кандыдатам па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, членам аргкамітэту па стварэньні партыі БСДП (Народная Грамада) Аляксеем Гаўруцікавым.

Як ацэньваеце свой удзел у выбарах? Не шкадуеце, што ўвязаліся ў падазроную, на думку многіх, выбарчую кампанію і пайшлі да канца?

– Не, не шкадую. Напярэдадні выбараў, калі была дыскусія  –  удзельнічаць ці не  – я сьвядома ад яе ўхіліўся. Не выказваў сваю пазыцыю на гэты конт. У мяне вялікі досьвед удзелу ў выбарчых кампаніях. Я пачынаў яшчэ ў 1989 годзе на апошніх выбарах у СССР – у якасьці назіральніка. Пасьля гэтага пабываў у розных статусах. Набыў юрыдычную прафэсію і стаў, так бы мовіць, спэцыялістам у галіне выбарчага заканадаўства. Ведаю гэтае пытанне глыбока. І хачу сказаць: ёсьць 100 доказаў на карысьць байкоту і роўна столькі ж – супраць байкоту. І адно другога пераважыць ня можа. Асабліва – улічваючы сытуацыю ў краіне.

У прынцыпе, практычных парадаў, як змагацца з рэжымам і дыктатурай, на жаль, няма, акрамя рэвалюцыі ці снайпэра. Але ўсе мы супраць гэтага. І за тое, каб усё адбылося дэмакратычным шляхам і каб дыктатар быў падвергнуты судоваму перасьледу і, калі вінаваты, – панёс пакараньне. Вось і ўсё.

Я меркаваў, што ў інтэрнэце пачнуць паласкаць бялізну, і грамадзяне, далёкія ад палітыкі, ўставяць свае “пяць капеек”. Пры пэўных абставінах гэта магло быць довадам за тое, каб ня ўдзельнічаць і зрабіць выгляд, што я - за байкот. Хоць першапачаткова я ўсё ж такі за актыўны ўдзел у працы з выбаршчыкамі, і форма байкоту мне не ўяўляецца эфэктыўнай.

Выбар мне аблегчыў Мікола Статкевіч. Праз сваю жонку ён перадаў просьбу ўдзельнічаць. І ўсе дыскусіі адышлі на другі плян. Гэта быў галоўны аргумэнт, іншыя проста перасталі існаваць. Трэба было данесьці пазыцыю чалавека, які сядзіць у турме. Кропка.

Акрамя таго, пасьля падзей 19 снежня 2010 года мы штомесяц пачынаючы са студзеня 2011-га падавалі заяўкі на масавыя мерапрыемствы ў знак салідарнасьці з палітвязьнямі. Нам рэгулярна адмаўлялі. А выбары давалі легальнае поле зносін. Гэта таксама было довадам за ўдзел.

Але склалася ўражаньне, што якраз народ удзельнічаць у гэтым не жадаў...

–Проста выбары выпалі на перыяд гібеньня народу пасьля моцнага леташняга эканамічнага крызісу. І адсюль –такая антыпатыя да ўлады, такая безуважнасьць і нежаданьне наогул ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Я на сваёй шкуры пераканаўся, што кампанія збору подпісаў за 20 гадоў была самай цяжкай. Каласальны негатыў быў у насельніцтва да выбараў, да ўлады! Гэта быў кашмар. З адной лесьвічнай пляцоўкі на чатыры кватэры адна кватэра адчыняла, і то - альбо пашле куды далей, альбо вельмі доўга ўгаворваеш. І гэта пры тым, што я ішоў з адкрытым забралам, адразу казаў, што я ў апазіцыі да Лукашэнкі.

У выніку незалежнае назіраньне па краіне ў сярэднім дае яўку 44%. Мы ў першы раз зрабілі стоадсоткавае назіраньне ў акрузе. Але ўлады настолькі навучыліся маніпуляваць вынікам, што ім гэтае назіраньне да лямпачкі.

 То бок вы лічыце, што нізкая яўка не была вынікам кампаніі байкоту?

– Вы ведаеце, калі яна і была, такая кампанія, то я яе, апроч інтэрнэту, нідзе не заўважыў. На жаль. Кажу гэта, не зьмяншаючы вартасьці прыхільнікаў байкоту.

І вы згодныя, што выбары, па сутнасці, не адбыліся...

–  Выбары ў Беларусі не адбыліся. Паводле яўкі яны не адбыліся. Уявіце сабе: 1990 год. Выбары ў гарсавет. Я асабіста ўсю акругу прайшоў, трапіў у палову кватэр, пагутарыў з грамадзянамі, і гэтага дастаткова было, каб перамагчы ў дырэктара школы! Больш-менш і падлік галасоў нармальны быў. Потым з 1995 года я ўдзельнічаў ва ўсіх парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата. У 1996-м былі давыбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, яны былі сумешчаныя з рэферэндумам. І кандыдат, якога ўлада падтрымала, заняў у 1997 годзе трэцяе месца! У першым туры ў мяне было 20,5%. Уявіце: праўладны кандыдат прайграў мне... 32 галасы. Вось гэта быў падлік!.. Сем гадоў у гарсавеце, потым праца ў Беларускім Хельсінкскім камітэце, пасьля  – у «Народнай Грамадзе» – я лічу, што мой рэйтынг у акрузе, ну, менш за 20% апусьціцца ня мог.

А што атрымалася ў выніковым пратаколе?

– Мне ўлада дала 6,1%. Пачынаючы з 1996 года яны з зайздросным пастаянствам на ўсіх выбарах малююць мне вынік у раёне 7%. Але пасля кожных выбараў сустракаешся зь людзьмі – і ствараецца адчуваньне, што галасавала за цябе ледзь ня ўся акруга. Тыя працэнты, якія ўлада піша, вельмі малыя ў параўнаньні з тым водгукам, які атрымліваеш ад насельніцтва. Гэтым разам водгук быў наогул дзікі. Пазнаюць, спыняюць на вуліцах, незнаёмыя людзі вітаюцца, кажуць: «Мы за цябе галасавалі».

У мяне была выразная і адкрытая пазыцыя. Можна было падлашчвацца да насельніцтва, можна было загладжваць вуглы. Я ж ва ўсіх выступах і на сустрэчах выразна казаў, што вінаваты ва ўсім кіраўнік дзяржавы  – «былы прэзідэнт», як я яго называю, таму што лічу, што выбары ў 2010 годзе не адбыліся. І мне было цікава, як на адкрытую і выразную пазыцыю адрэагуе выбаршчык. Так, кагосьці гэта адштурхнула. Але за шмат гадоў, з 1996 года, столькі людзей да мяне яшчэ не падыходзіла!

 у паліклініцы бабулі месца ў чарзе саступаюць: «Сядайце, таварыш дэпутат»

Гэта значыць, яны падтрымалі маю пазыцыю. Аж да таго, што ў мікрараёне ўсе алкашы вітаюцца і па імені называюць. Але алкашы – бог зь імі! Я тут прыхварэў крыху, дык у паліклініцы бабулі месца ў чарзе саступаюць: «Сядайце, таварыш дэпутат». Я кажу: «Я не дэпутат». «А мы за вас галасавалі – значыць, дэпутат». І ўсё - хоць ты што...

Такім чынам, вы мяркуеце, што за вас галасавала больш, чым 6,1%?

– Я думаю, што, калі б улады палічылі нармальна, матэматык Міхаіл Волкаў мог бы набраць якіх 49% і выйграць, але маіх 30-35% – вынімі ды пакладзі. І мне вельмі хочацца нейкім чынам данесьці цяпер да выбаршчыкаў гэтую інфармацыю. Таму што далёка ня ўсе яшчэ карыстаюцца інтэрнэтам. Проста стамляешся кожнаму чалавеку тлумачыць, чаму так адбываецца.

 Вынікі аспрэчвалі?

– Грубыя парушэньні былі па 44-му ўчастку. Там камісія тварыла цуды. Скаргі назіральнікі падалі. Тут ёсьць два варыянты, як робіць улада: альбо тая самая карусель і ганяюць людзей па колу альбо іншы варыянт. У мяне менш за 20% ня можа быць. І калі я 35% сваіх набраў, а мне намалявалі 6,1%, значыць, мае бюлетэні трэба было чымсьці замяніць. Значыць, камісія была забяспечана падвойным камплектам бюлетэняў для падмены.

І насельніцтва ўсё разумее. Іншая справа, што ад нас, ад лідэраў апазыцыі, яно чакае рэцэпт шчасьця, як гэта зьмяніць. У мяне рэцэпту шчасьця, акрамя плошчы, пакуль няма. Але заклікаць на плошчу не магу, бо мой партыйны лідар – у турме, і я ведаю, чым усё скончыцца і для таго, хто паклікаў, і для тых, хто прыйшоў…

Сёньня Сусьветны дзень псыхічнага здароўя. Паставіце папярэдні дыягназ сьвежавыбранаму парлямэнту?

– Гаворка не пра дыягназ –пра адказнасьць. Калі чыноўнікі і сябры ўчастковых камісій, атрымаўшы загад, сфальсіфікавалі выбары, каб гэтыя людзі сталі членамі парлямэнту, на іх – крымінальная адказнасьць. У дэпутатаў, якія прызначаныя ўладай і пагадзіліся працаваць на гэтых умовах, –  у іх, прынамсі, маральная адказнасьць і цяжкі груз. Быць прызначаным жульніцкім шляхам – ім не пазайздросьціш. Таму што ўсё роўна сістэма абрынецца, і кожнаму давядзецца адказваць за гэта ўсё. І яны баяцца. Вось вам і дыягназ – страх.

– Пра тых, хто йшоў да канца на мінулых выбарах, гаварылася нямала непрыемных рэчаў. Называлі здраднікамі, абвінавачвалі ў тым, што адпрацоўваеце гранты і таму не можаце зьняцца і г.д. Што адкажаце на гэта?

– Я перад імі не зьбіраюся апраўдвацца. У мяне ёсьць партыйны лідар, якога паважаю і якога жадаю бачыць на волі. І для гэтага я гатовы быў ахвяраваць і імём, і вытрымаць крытыку. Я б сам з задавальненьнем пабайкатаваў, седзячы на канапе. Шчыра кажу.

Што далей? Ад выбараў да выбараў? ..

– Я ж казаў: я пакуль ня ведаю рэцэпту шчасьця. Мне цяжка сказаць, як зьмяніць сытуацыю. А палітычная сытуацыя ў краіне не дазваляе, на жаль, у межах палітычных партый актыўна займацца тым ці іншым асяродзьдзем. Але застаюцца грамадзкія арганізацыі.

– А народ чакае, калі лідары розных партый знойдуць агульную мову і нарэшце аб'яднаюцца.

– Цяжка гэта. Я ня веру ў адзінства розных палітычных структур. Таму што абавязкова паўстане пытаньне, хто будзе першым. А калі шмат лідараў  –гэта як павукі ў слоіку...

– Тады застаецца чакаць прыходу мэсіі?

– Вось грузіны добра паказалі. Можа прыйсьці любы чалавек, галоўнае, каб – з валізай баксаў. І ён гэтак чамадан на стол бах –  і ўсе селі побач. Ура! Але ці на карысьць гэта для Грузіі?..