Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26962769

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Зь Яўгена Гуцалава спагоняць 300 тысяч рублёў за “паслугі” ІЧУ

Віцебскі актывіст БХД і назіральнік на нядаўніх выбарах Яўген Гуцалаў адбыў сем сутак адміністратыўнага арышту за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. А зараз ён вымушаны заплаціць яшчэ за “паслугі” віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня. Кошт турэмнага “сэрвісу” – 50 тысяч за суткі.

Нагадаем, што сем сутак арышту прысудзіла Гуцалаву судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебска Іна Грабоўская. Судзьдзя ўзяла пад увагу той факт, што на той момант Гуцалаў нідзе не працаваў і выплаціць вялікі штраф ня змог бы.

“Дык вось, я ня ведаю, навошта тады судзьдзя Грабоўская прысудзіла мне суткі, калі і за іх прыдзецца плаціць. Трыста тысяч – за ежу, знаходжаньне і г.д. Дзе браць гэтыя грошы – пакуль ня ведаю”, – кажа Яўген Гуцалаў у размове з “Дыялёгам”.

Зь ягоных словаў, за ўтрыманьне ў ІЧУ павінен плаціць кожны арыштант. У дзяжурнай частцы вісіць “прайс-ліст”, які інфармуе, што адзін дзень утрыманьня каштуе 50 тысяч рублёў.

Дыялёг: – Дык ў ІЧУ, мусіць, добры “сэрвіс” і беласьнежная бялізна?..

Яўген Гуцалаў: – Ну, бялізнай гэта нельга назваць. На матрасах стаяць пячаткі 2000-га года. Выглядаюць жудасна! Наогул, умовы жахлівыя.  Стаяць драўляныя двухпавярховыя шконкі, на якіх ўдзень ляжаць забаронена. Толькі сядзі. Чытаць нічога не было, акрамя нейкай старой міліцэйскай газэціны, да якой нават дакрануцца не было жаданьня. Ад сьценкі да дзьвярэй – шэсьць крокаў. Хадзіў туды-сюды з шасьці раніцы. Са мной у адной камэры сядзеў яшчэ расеец-дэпартант.

– А чым кармілі?

Ну, кашы і так званыя катлеты. Такое уражаньне, што ў тых катлетах быў толькі адзін хлеб. Міліцыянты кажуць, што ежу нам прывозілі з рэстарану “Белая Русь”, што знаходзіцца на тэрыторыі аблвыканкаму.

– Ну калі зь “Белай Русі”, дык зразумела. Агітаваць за байкот пад маскай Лукашэнкі – чыя гэта была ідэя?

–  Гэта была мая ўласная ідэя. Звычайны крэатыў, крэатыўная акцыя, ня больш за тое.  

– Ты пікетаваў у цэнтры горада, дзе вельмі шмат камэраў назіраньня. Можа, ня трэба было так падстаўляцца?

Насамрэч, я ведаў, на што я іду, ведаў, што мяне затрымаюць, рыхтаваўся да 15 сутак. Проста гэткім чынам хацеў прыцягнуць да байкоту большую колькасьць людзей. Каб бачылі, каб быў розгалас. Зразумела, пра камэры сачэньня ў цэнтры Віцебска я ведаў.

– У дзень выбараў ты яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ. Байкатаваў?

– Так. Усё адбывалася ў дзяжурнай частцы. Начальнік ізалятару часовага ўтрыманьня паведаміў усім, што сёньня выбары і трэба галасаваць. Я сказаў, што згодна з Канстытуцыяй маю права на байкот і таму галасаваць ня буду. І ўсё. На мяне ніхто ня ціснуў.

– І як наогул ацэньваеш выбары?

– Гэта ня выбары, гэта – фарс.