Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26985958

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Віцебскі райвыканкам забараніў даверанай асобе Леаніда Аўтухова праводзіць пікет у Буянах

Давераная асоба гарадоцкага кандыдата ў дэпутаты Леаніда Аўтухова Кастусь Мардзьвінцаў накіраваў скаргу ў суд Чыгуначнага раёну Віцебска на рашэньне Віцебскага райвыканкаму аб забароне агітацыйнага пікету ў вёсцы Буяны.

Кастусь Мардзьвінцаў 6 верасьня апавясьціў райвыканкам аб сваім намеры як даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе №21 зладзіць 10 верасьня пікетаваньне ў вёсцы Буяны Віцебскага раёну. Але ўжо на наступны дзень атрымаў паперу з адмовай у правядзеньні пікету.

У лісьце за подпісам намесьніка старшыні Віцебскага райвыканкаму Генадзя Філіпенкі гаворыцца, што “вёска Буяны Віцебскага раёна не ўключана ў спісак населеных пунктаў, якія маюць дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў” (арфаграфія арыгіналу).

Чыноўнік спасылаецца пры гэтым на рашэньне Віцебскага райвыканкаму ад 8 жніўня 2012 года «Аб вызначэньні месцаў для правядзеньня ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньняў), якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага скліканьня, іх даверанымі асобамі».

У сваёй скарзе Кастусь Мардзьвінцаў тлумачыць, што правесьці пікет менавіта ў Буянах было вырашана пасьля атрыманьня пісьмовага звароту ад выбаршчыка – жыхара гэтай вёскі. Той паведаміў, што ён і ягоныя аднавяскоўцы ўжо даўно жывуць ва ўмовах небясьпечных для жыцьця. Бо па чатырох вуліцах вёскі праходзяць і дагэтуль эксплюатуюцца занядбаныя і безгаспадарныя газаправоды.

Сяляне жывуць як на бочцы пораху. Улады ніякіх мер не прымаюць. “Вызваліць сваіх выбаршчыкаў ад рэальна створанай пагрозы для іх жыцьцяў і здароўя” і было мэтай пікетаваньня.

“Правядзеньне на зварот выбаршчыка вёскі мэтавага масавага мерапрыемства ў якім-небудзь іншым населеным пункце зьяўляецца загадзя бессэнсоўным і недарэчным. Аднак выбаршчыкі гэтай вёскі, а таксама шмат якіх іншых населеных пунктаў, што знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай сельскай выбарчай акругі № 21, ня маюць ад улады, закліканай служыць людзям, найвышэйшага дазволу нават на правядзеньне якога-небудзь кшталту масавага мерапрыемства па месцы іх кампактнага пражываньня”, - гаворыцца ў скарзе.

“Па сутнасьці, гэта горш за прыгоннае права, бо на двары сёньня 21-е стагодзьдзе…” – кажа Кастусь Мардзьвінцаў.

Па сутнасьці, гэта горш за прыгоннае права, бо на двары 21-е стагодзьдзе…

Ён лічыць забарону на пікетаваньні ў Буянах  бессэнсоўнай. На яго погляд, гэтай забаронай ўлада ператварыла “выбары дэпутатаў ППНС у фарс, антыпод дэмакратыі, свабоды і галоснасьці, у выразны зьдзек з асноватворных нормаў Выбарчага кодэксу, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

У сваёй скарзе Кастусь Мардзьвінцаў просіць суд прызнаць незаконнымі рашэньне Віцебскага райвыканкаму ад 8 жніўня і забароннае паведамленьне намесьніка старшыні выканкаму ад 7 верасьня. А таксама - вынесьці асобнае вызначэньне на адрас райвыканкаму і выбарчай камісіі Віцебскай сельскай выбарчай акругі № 21 і абавязаць іх давесьці праз СМІ да ведама выбаршчыкаў вёскі Буяны прабачэньні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Леаніда Аўтухова за тое, што планаваны пікет у вызначаны час так і не адбыўся.