Судовы разбор паводле адміністрацыйнай справы чакае віцебскага апазыцыянэра за публічнае выражэньне сваёй любові да беларушчыны. На імпрэзу, прысьвечаную 86-й гадавіне Ўладзімера Караткевіча, ён прыйшоў з нацыянальным беларускім сьцягам, што зь меркаваньня праваахоўнікаў ёсьць парушэньнем заканадаўства.
29 лістапада сябра партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС для тлумачэньня акалічнасьцяў, зьвязаных з яго ўдзелам у імпрэзе, што адбылася трыма днямі раней. Тлумачэньні браў капітан Сяргей Вяракса, вядомы нашым чытачам па адміністрацыйнай справе з удзелам трох кандыдатаў у дэпутаты, якія падчас апошняй выбарчай кампаніі прасьпявалі гімн «Магутны Божа».
Як паведаміў нашаму карэспандэнту Хрыстафор Жаляпаў пасьля сустрэчы з супрацоўнікам РАУС, у выніку гэтай сустрэчы на яго быў складзены пратакол. Спадару Хрыстафору інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні, што ёсьць правапарушэньнем у адпаведнасьці з часткай 1 артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу краіны.
Высьветлілася, што Сяргей Вяракса на ўласныя вочы бачыў усё, што адбывалася падчас імпрэзы каля помніку Ўладзімеру Караткевічу. Ня проста бачыў, але і фатаграфаваў удзельнікаў, хаця да складзенага пратаколу прыкладзеная інфармацыя і фотаматэрыялы, узятыя з сайту «Хартыі 97».
Хрыстафор Жаляпаў пацікавіўся, чаму з 16-ці чалавек, якія паводле падлікаў міліцыянта прысутнічалі каля помніку, удзел у несанкцыянаваным пікеце ставіцца ў віну толькі яму? Выявілася, рэч у тым, што з усіх удзельнікаў толькі ён быў са сьцягам. Выходзіць, галоўным складнікам правапарушэньня ёсьць ня ўдзел у мерапрыемстве, а наяўнасьць у рукох сьцяга. На думку прадстаўніка РАУС, узяўшы ў рукі колішні дзяржаўны сьцяг, Хрыстафор Жаляпаў публічна прадэманстраваў сваю грамадзка-палітычную пазыцыю, чым парушыў заканадаўства.
Распавядае спадар Хрыстафор:
– Зірніце ў адміністрацыйны кодэкс, і вы ня знойдзеце там згадкі пра тое, што нельга хадзіць з нацыянальным беларускім сымбалем. Я прыйшоў, каб ушанаваць памяць вялікага беларускага пісьменьніка ЎладзімераКараткевіча. Мы робім гэта штогод. Такім чынам я выразіў сваю любоў да незалежнай Беларусі, яе гістарычных традыцыяў, культуры і яе творцы Ўладзімера Караткевіча.
Добра, кажу, калі паводле вашай лёгікі я выказваю сваю пазыцыю, то чаму вы ня робіце падобных захадаў у адносінах да тых, хто з розных нагодаў размахвае ў Віцебску расейскім трыкалёрам? Чаму ніхто пратаколаў на іх не складае і да адказнасьці не прыцягвае? На што мне было заяўлена, што міліцыя пра такія выпадкі ня ведае. Але ж я ведаю людзей, якія зьвярталіся да праваахоўнікаў. Аднак іхныя звароты ігнараваліся, і ніякіх разьбіральніцтваў ня ладзілася. Выходзіць, той, хто выказвае любоў да Беларусі, заслугоўвае пакараньня, а хто любоў да Расеі – мае на гэта права.
Выбіральны падыход праваахоўных ворганаў да прыхільнікаў розных грамадзка-палітычных поглядаў сьведчыць пра тое, што ўлада мэтанакіравана змагаецца выключна з прадстаўнікамі нацыянальна-дэмакратычнага руху краіны. Змагаецца з праявамі дэманстрацыі спрадвечных сымбаляў нацыянальна-палітычнай ідэнтычнасьці, чым спрыяе ўзмацненьню ў краіне прарасейскіх настрояў і сымпатыяў.
С. Горкі