На Дзяды па даўняй завядзёнцы віцебскія актывісты наведваюць могілкі, дзе пахаваныя іхныя аднадумцы. 1 лістапада тры чалавекі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі з краю ў край вялізныя гарадзкія могілкі, спыняючыся каля засьнежаных магіл сваіх аднадумцаў. На магілах засталіся гарэць сьвечкі ў іх памяць.
У лепшы сьвет сышлі пачынальнікі дэмакратычнага руху ў Віцебску, гаворыць найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, ініцыятар памінальных акцыяў на Дзяды: «Гэтай традыцыі ўжо 6 гадоў. Штогод на Дзяды мы едзем спачатку ў Копці — тут пахаваныя Алена Залеская, Раман Салаўян, Алесь Мудрычэнка і Сяргей Цярэнцьеў. Потым мы едзем у Друкава, дзе пахаваны Ўладзімер Плешчанка, і ў Паляі — на месца расстрэлу мірных беларускіх грамадзян».
Сёлета памінальную акцыю давялося падзяліць на часткі: у адзін дзень паехаць на могілкі пад вёскай Копці, а ўжо назаўтра — на магілу Ўладзімера Плешчанкі і на месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. 3 лістапада актывісты прыйшлі ва ўрочышча Мазурына да магілы аднаго зь першых незалежных журналістаў Віцебшчыны. Зрабіць усё ў адзін дзень не хапае ні часу, бо адлегласьці паміж могілкамі вялікія, ні фізычных сілаў. На могілках жа даводзіцца ня толькі ўскладаць кветкі ды запальваць сьвечкі, але і прыбіраць.
Хамайда: «Так здарылася, што ў Алены Залескай увогуле ў Віцебску нікога не засталося. Так што калі мы ня прыйдзем, то хто да яе прыйдзе? Яна шмат зрабіла для Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але сябраў гэтай партыі я ні разу тут ня бачыў у гэтыя дні… Раман Салаўян быў сябрам Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Алесь Мудрычэнка — зь першых сябраў Беларускага Народнага Фронту, калі толькі БНФ утварыўся ў Віцебску, Сяргей Цярэнцьеў — таксама зь Беларускага Народнага Фронту».
Памінаць чатырох пачынальнікаў апазыцыйнага руху прыйшлі ўсяго трое цяперашніх актывістаў. А некалі ў гэты дзень, 1 лістапада, пад сьцягамі зьбіралася цэлая калёна віцебскіх апазыцыянэраў, згадвае Барыс Хамайда. І спрабуе знайсьці тлумачэньне таму, што адбываецца: «Напачатку людзей было болей, а зараз іх не сабраць, іншыя прыярытэты — аб’яднаўчым момантам для апазыцыі сталі грошы. Павінен быць нейкі аб’яднаўчы стрыжань — Радзіма, беларускія каштоўнасьці, але барацьба йдзе за грошы, за пасады, за славу… А важная справа ня робіцца! А гэта трэба рабіць. Бо калі мы ня будзем прыходзіць да нашых памерлых, то ніхто ня прыйдзе да нас — жывых, каб разам змагацца з гэтым рэжымам».
Радыё Свабода