Сяргей Бабенка, кіраўнік клюбу гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн» пры ДУ Цэнтар культуры «Віцебск», вядомы ня толькі ў горадзе над Дзьвіной, але і далёка па-за яго межамі.
Аднаўленьне матэрыяльнай культуры – не адзінае зь яго шматлікіх захапленьняў: сёлета ён стаў адным з ініцыятараў сьвяткаваньня Дня наданьня Віцебску Магдэбурскага права. Наш карэспандэнт сустрэўся зь Сяргеем і задаў яму некалькі пытаньняў.
Сяргей, калі Вы захапіліся рэканструктарствам, і чым для Вас яно зьяўляецца сёньня?
Рэканструкцыяй зацікавіўся яшчэ школьнікам. У газэце «Пераходны ўзрост» прачытаў артыкул пра менскі рыцарскі клюб «Ордэн Паўночнага Храму», які займаўся рэканструкцыяй пэрыяду 13 стагодзьдзя. Ужо пазьней, калі прыехаў навучацца ў Віцебск, трапіў на сьвяткаваньне тысячагодзьдзя Друцку. У гэты ж час пазнаёміўся зь дзяўчынай, якая мела падобныя інтарэсы, – і панеслася… Дарэчы, наш клюб рэканструкцыі – адзіны ў рэспубліцы, які мае званьне народнага калектыву. На сёньня рэканструктарства стала маім жыцьцём, хаця апроч таго маю шмат іншых захапленьняў.
Відавочна, рэканструктар мусіць быць даволі абазнаным чалавекам, ведаць гісторыю. Што яшчэ?
Насамрэч, для рэканструктарскай дзейнасьці гістарычныя ці архіўныя зьвесткі патрэбныя ў невялікай ступені. Рэканструктар можа быць і наогул не абазнаны ў сусьветнай гісторыі, але пры гэтым быць вельмі дасьведчаным у галіне матэрыяльнай культуры. Усё залежыць ад таго, якую мэту перад сабой адмысловец ставіць. Калі доўгі час займаесься нейкай адной эпохай, то, безумоўна, хоцьма-няхоцьма будзеш знаёміцца з гістарычнымі рэаліямі гэтага пэрыяду, якія добра дасьледаваныя і апісаныя. Але перш за ўсё ты вывучаеш тагачасную матэрыяльную культуру, бо яна ў большасьці выпадкаў для шырокай аўдыторыі застаецца таямніцай. Даводзіцца пільна вывучаць спэцыялізаваную навуковую літаратуру, якая распавядае пра археалягічныя знаходкі: кавалачкі, фрагмэнты тканіны, аскепкі таго часу.
Прыкладам, калі браць 17 стагодзьдзе, то ёсьць тагачасныя кравецкія кнігі, ёсьць апісаньні строяў, з гэтым пэрыядам працаваць ужо значна прасьцей. Аднак калі ты вывучаеш раньняе сярэднявечча, застаюцца толькі дасьледаваньні археолягаў, якія выпускаюць адмысловыя працы на гэтую тэму. Па знойдзеным кавалку тканіны можна ўжо зрабіць выснову, як яна кроілася.
Але ж каб вырабіць нейкую рэч, мала мець веды археалягічнага ці тэхналягічнага кшталту, трэба добра валодаць практычнымі рамесьніцкімі навыкамі...
Тут рэч такая: рукі трэніруюцца. Існуе ў нас і падзел працы, бо адзін чалавек усімі відамі рамесьніцтва займацца сур’ёзна ня можа. Гэта будзе ўзровень дылетанта. Хаця падобнае стаўленьне і мела месца яшчэ гадоў пяць таму, але цяпер узровень рэканструкцыі вырас у краіне настолькі, што рабіць дрэнна – гэта мавэтон. Асабіста я маю досьвед у розных рэканструктарскіх галінах: займаюся дрэвам, часам працую з мэталам, але найбольш абазнаны ў вырабах са скуры. Што тычыцца кавальскай справы, то ў нас ёсьць адмысловец, які зрабіў кавальства сваёй прафэсіяй. Ён увесь час вучыцца, расьце, прафэсійна самаўдасканальваецца і зьяўляецца вельмі паважанай у нашай супольнасьці асобай.
Наколькі важныя ў вашай дзейнасьці такія складнікі, як артыстызм і тыя здольнасьці, што дадзеныя чалавеку ад прыроды?
Бяз гэтага нельга. Нейкія прыродныя дадзеныя мусяць быць. Я, напрыклад, у свой час зьяўляўся сябрам моладзевага тэатру, браў удзел у ягоных пастаноўках і быў у яго першым складзе. Відаць, гэта нейкім чынам паспрыяла таксама. Сярод сваякоў і ў сям’і артыстаў не было, але былі мастакі. Шавецтвам займаўся прадзед, але ён нікому не перадаў свайго майстэрства, і яно забылася. Дзед гэтым рамяством ужо не займаўся. А там хто яго ведае. Мо і насамрэч існуе нейкая генэтычная памяць, і нешта перадаецца праз пакаленьні. Гэта наогул вялізная праблема беларускіх майстроў, бо ў адрозьненьне ад Заходняй Эўропы тут амаль не было пераемнасьці пакаленьняў у рамесьніцтве. Напрыклад, у Італіі працуюць сямейныя мануфактуры, якім сёньня чатырыста ці пяцьсот гадоў. Ёсьць сям’я італьянскіх абутнікаў, якая на працягу пяцісот гадоў мае эксклюзіўнае права шыць абутак для Папаў Рымскіх. Там існуе вельмі шмат галінаў рамесьніцкай дзейнасьці, у якіх запатрабаваныя паслугі гэткага кшталту.
Чым адрозьніваюцца Вашыя цяперашнія погляды і падыходы да рэканструкцыі ад тых, што былі на пачатку дзейнасьці?
На самым пачатку мы імкнуліся проста весела бавіць час і расьці да большай адпаведнасьці нашых вырабаў аўтэнтычным арыгіналам. Магчымасьцяў і інфармацыі ў 2005 годзе было значна менш, і нашыя вырабы выглядалі крыху далекавата ад ідэалу дакладнай адпаведнасьці арыгіналу. Сёньня ж рэальная культура рэканструктараў у большасьці сваёй вырасла неймаверна. Раней часам быў занадта гарачы, узровень рэканструктарскага максымалізму і адпаведнага стаўленьня да людзей, якія гэтай справай займаліся, зашкальваў. Цяпер гэтага стала меней, прыйшло разуменьне, што кожны мае права мець сваё стаўленьне, свае погляды на адну і тую ж рэч.
Да таго ж мы выпрацавалі гэткую мінімальную плянку якасьці нашай працы, ніжэй за якую апускацца нельга. Хаця і іншыя клюбы паднялі ўзровень якасьці, прафэсійна ўдасканальваюцца. Не прымаем мы такога падыходу, што рэканструктарства існуе дзеля таго, каб, нешта зрабіўшы, апрануцца і клёва тусавацца, а астатняе лухта. Бо пры такім стаўленьні да справы якасьць вырабаў будзе вельмі нізкая, што да гістарычнай адпаведнасьці.
Скажыце некалькі словаў пра ваш праект «Віцебская харугва».
«Віцебская харугва» – гэта сёньня асноўны накірунак у дзейнасьці нашага клюбу. Але разам з тым ён зьяўляецца міжклюбным праектам, які спрабуе адлюстраваць матэрыяльную культуру менавіта Віцебшчыны. Хаця за аснову мы бяром матэрыялы, агульныя для Рэчы Паспалітай, бо не было такога паняцьця, як «віцебскі строй», ці нейкая «віцебская спэцыфіка». Аднак у першую чаргу працуем зь мясцовым архэалягічным матэрыялам. Ёсьць шмат тагачасных рэчаў: фрагмэнтаў абутку, прадметаў аздобы. Актыўна супрацоўнічаем зь Віцебскім краязнаўчым музэем і архівамі, вывучаем дакумэнты, тыя ж тэстамэнты ці маёмасныя вопісы, дзе было пазначана, што з рэчаў меў пэўны шляхціц зь Віцебшчыны. Пасьля пачынаем вывучаць шавецкія, кравецкія кнігі, у якіх апісваецца, як выглядалі строі, якія былі кроі ў той пэрыяд. Мы іх ужываем, і яны абсалютна прыдатныя. Жупан – ён што тут, што ў Вільні, што ў Варшаве быў прыкладна адзін і той самы, але магло быць пяць відаў аздобы. І тут ты ўжо выбіраеш сам. Дапамагаюць партрэты віцебскіх ваяводаў, якія захаваліся. Інфармацыя ёсьць – ня дужа шмат, але маецца, і мы яе пакрыху вывучаем, каб прывязка была менавіта да Віцебску.
Яшчэ падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце я займаўся гэтым пэрыядам. Гэты час цікавы тым, што па-сапраўднаму ў Беларусі 17 стагодзьдзе ніколі нармальна не рэканструявалася. Ніхто гэтым не займаўся, нават у навуковых дасьледаваньнях матэрыяльнай культуры маюцца вялізныя белыя плямы. Толькі хіба што ў Бабруйску існуе масавы клюб «Харугва Бабруйскага павету», але, на маю думку, у іх дзейнасьці забаўляльная частка дамінуе над часткай матэрыяльнай дакладнасьці. Напрыклад, часавая неадпаведнасьць вырабленых імі строяў можа мець роскід ад пяцідзесяці да ста гадоў. А для 17 стагодзьдзя гэта недапушчальна, бо ў модзе тады адбываліся значныя зьмены на працягу, скажам, 20-ці гадоў. Тое, што апраналі ў 20-х ці 40-х гадох, у 50-х ці 60-х ужо не насілі. Зьмешваць гэтыя стылі і асаблівасьці – гэта мавэтон. Хаця яны кажуць: «Мы так бачым».
І пры канцы скажыце некалькі словаў пра пляны на будучыню.
Самы глябальны плян – пашыраць працу калектыву на карысьць нашага гораду. Каб гэта былі ня нейкія разавыя мерапрыемствы, датычныя таго ці іншага сьвята, а каб мы працавалі на сталай аснове.
С. Горкі