У Віцебскім мастацкім музэі адкрылася выстава «Венцаносная Сям'я. Шлях Любові», прысьвечаная апошняму цару Расейскай імпэрыі. Экспазыцыя з фатаграфіяў і дакумэнтальных матэрыялаў, паводле вэрсіі арганізатараў, павінна распавесьці пра сьвятых царскіх мучанікаў і пакутнікаў – гасудара Мікалая II Аляксандравіча і яго сям'ю.
Выстава стваралася па блаславеньні Праасьвяшчэньнейшага Сафронія, япіскапа Магілёўскага і Мсьціслаўскага, да некалькіх юбілейных дат, а менавіта – да 100-годзьдзя арганізацыі ў Магілёве Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскіх войскаў і да 100-годзьдзя пакараньня сьмерцю царскай сям'і. Пабываўшы ў шмат якіх гарадох Расеі і Беларусі, выстава ўпершыню прыехала ў Віцебск, хоць тут яе чакалі ўжо год таму.
На стэндах прадстаўленыя больш за сотню фатаграфіяў і копіяў карцін вядомых мастакоў, якія суправаджаюцца дакумэнтамі, запісамі зь дзёньнікаў і ўспамінамі сучасьнікаў. Выставу рыхтавалі, выкарыстоўваючы матэрыялы Дзяржаўнага архіву РФ, а таксама прыватных збораў жыхароў Магілёва, Санкт-Пецярбургу, Масквы, Екацярынбургу і Златавусту.
Адкрыцьцё выставы наведалі прадстаўнікі духавенства Віцебску і студэнты Віцебскай духоўнай сэмінарыі. Перад яе пачаткам да наведвальнікаў з прывітальным словам зьвярнуліся протаярэй віцебскай епархіі Аляксандар Сіроткін, арганізатар і куратар выставы Ільля Сідаровіч, а таксама дэкан факультэту славянскай філялёгіі, кандыдат філялягічных навук, дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Сомаў.
Адзін са стэндаў прысьвечаны знаходжаньню царскай сям'і ў Віцебску. Гісторыя сьведчыць, што 30 кастрычніка 1915 году Мікалай II зрабіў прыпынак у Віцебску, каб правесьці агляд 78-ы пяхотнай дывізіі.
Падрабязнасьці таго візыту можна даведацца з успамінаў Аляксандра Сьпірыдовіча – начальніка палацавай ахоўнай агентуры: «Пад праліўным дажджом Гасудар абыходзіў полк за палком і дзякаваў за подзьвігі. На зваротнай дарозе ў цягнік Гасудар заехаў у Сабор. Ён быў перапоўнены народам. Сьцяной стаялі людзі на вуліцах, нягледзячы на жудаснае надвор'е. Энтузіязм быў вялікі».
У сьнежні 1914 году расейскі імпэратар таксама праяжджаў праз горад на Дзьвіне, а ў лютым 1916 гаду ён пахадзіў па Віцебску і Воршы ў сонечны дзень, пра што пакінуў запіс у сваім дзёньніку.
8 траўня 1915 году ўжо імпэратрыца Аляксандра Фёдараўна спынілася на пару гадзін у Віцебску разам зь дзецьмі. Яны пабывалі ў Сьвята-Мікольскім катэдральным саборы, пасьля наведалі 4 шпіталі, пасьнедалі з губэрнатарам, агледзелі адзін са складоў у яго палацы. «Горад вельмі прыгожы з моста», – пакінула запіс імпэратрыца у сваім дзёньніку.
Паводле слоў арганізатараў выставы, асноўнай яе мэтай зьяўляецца імкненьне прадэманстраваць адухоўленасьць і сьвятасьць сям'і Мікалая II і на іх прыкладзе паказаць ўзор высокай любові, чысьціні стасункаў, узор хрысьціянскага сямейнага ўкладу і правільнага выхаваньня дзяцей.
«Наш трывожны час шмат у чым падобны да часу, калі жыла апошняя царская сям'я. Сёньня сілы зла зноў пачалі атаку на тых, хто хоча жыць паводле запаведзяў Хрыста, цнатліва і паводле традыцыяў сваіх продкаў. І хай прыклад сьвятых венцаносных мучанікаў, іх пабожнасьць і пакутніцкі подзьвіг, будзе сьветлым арыентырам на шляху ў Царства нябеснае. Жадаем усім наведвальнікам выставы здабыцьця мудрасьці, духоўнай моцы і багатых літасьцяў ад Госпада Бога нашага Ісуса Хрыста!» – сьцьвярджаюць і дзеляцца пажаданьнямі арганізатары выставы.
Юры Шэпелеў, news.vitebsk.cc