Адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку адмаўляецца працягваць кантракт з актывісткай руху «За свабоду» Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданьне балятавацца у парлямэнт і лічыць звальненьне палітычна матываваным.
Вольга працуе ўжо 16 гадоў у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музэі-запаведніку. З 2012 году загадчыцай музэю традыцыйнага ткацтва Паазер’я. У 2016 годзе атрымала другую адукацыю у Інстытуце культуры Беларусі па кваліфікацыі «Музэязнаўца».
«3 чэрвеня я пайшла да дырэктара, каб даведацца, ці працягнуць са мной кантракт, які ў мяне да 31 ліпеня. Тым больш, апошнім часам мяне вельмі часта папярэджвалі пра тое, што ў мяне заканчваецца кантракт (як на словах, так і дзеяньнямі: са мной перасталі раіцца па працоўных пытаньнях, якія я, як загадчыца музэю, непасрэдна павінна была вырашаць). Калі я пачала размову пра працягненьне кантракту, дырэктар мне сказала, што пакуль ня вырашыла, будзе думаць да 30 чэрвеня, я ёй распавяла, што буду ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах», – расказала Вольга Дамаскіна.
Паводле яе словаў, дырэктарка ў размове адзначыла, што Вольга «даўно перарасла гэты музэйны ўзровень, трэба ісьці вышэй, і вельмі добра, каб у парлямэнце быў бы хоць адзін чалавек, які ведае музэйную справу».
«Рассталіся мы на тым, што яна будзе думаць. Але я ж працую у жаночым калектыве, і мне мае калегі амаль што адразу расказалі, што калі я сышла, кіраўніцтва агучыла, што працягваць кантракт са мной ня будзе. І цяпер у калектывах іншых музэяў ужо пачалі хадзіць нейкія размовы і ўжо іншым людзям прапануюць маё месца», – распавяла актывістка руху «За свабоду».
Дамаскіна падкрэсьліла, што дырэктара запаведніку яна паважае і заўсёды паважала за яе погляды, за тое, што яна вельмі шчыра адстойвала інтарэсы гораду, запаведніку, за яе адданасьць працы, прафэсіяналізм у музэйнай справе, а таксама ня ціснула на яе з-за палітычных поглядаў.
Паводле правілаў запаведніку паведамленьне аб спыненьні кантракту выдаюць за 1,5 месяца, але ў калектыўнай дамове прапісана, што не пазьней за месяц, патлумачыла яна.
«Я люблю сваю працу, свой музэй і хачу працаваць далей. А мой удзел у парлямэнцкіх выбарах даў бы магчымасьць публічна агучыць ня толькі праблемы краіны, гораду, але і музэйнай справы, культуры. Сёньня трэба перастаць бачыць музэі проста як месца, дзе захоўваюцца экспанаты, трэба каб яны былі цэнтрамі культуры, якія генэруюць культурныя ініцыятывы, заклікаюць людзей да дыялёгу і, такім чынам, ня толькі выхоўваюць нацыянальна сьвядомага чалавека, але і ўплываюць на разьвіцьцё культурнага асяродзьдзя рэгіёну», – адзначыла Вольга Дамаскіна.
Яна падкрэсьліла, што пайшла атрымліваць другую адукацыю менавіта, каб працаваць у музэі, і спэцыялістаў з гэтай адукацыяй амаль няма ў полацкім запаведніку.
«Навошта не працягваць кантракт, калі запаведнік аплачваў маё навучаньне? І тое, што кантракт пагражаюць не працягнуць, я зьвязваю толькі з тым, што вырашыла ўдзельнічаць у выбарах», – заключыла актывістка.
Вольга Быкоўская, pyx.by