Аўтары папулярнага ў Швэцыі падручніка для журналістаў-фрылянсэраў Фрэдрык Нэйман і Мікаэль Берлінг 13 траўня наведалі Віцебск і падзяліліся са сваімі калегамі зь Беларускай асацыяцыі журналістаў досьведам пасьпяховай журналістыкі ў сыстэме фрылянсу.
І Фрэдрык, і Мікаэль – журналісты-фрылянсэры зь пятнаццацігадовым стажам. Апроч журналісцкай дзейнасьці яны выкладаюць, пішуць кнігі, выступаюць у ролі трэнэраў на рознага кшталту сэмінарах. Іх досьвед цікавы і запатрабаваны ня толькі ў Швэцыі. Бо ў сувязі са зьменай структуры мэдыярынку мяняюцца і падыходы да журналісцкай практыкі.
На прыкладзе швэдзкіх рэаліяў Фрэдрык Нэйман распавёў пра зьмены, якія адбываюцца. Так, з 2004 па 2016 гады ў сувязі з падзеньнем тыражоў друкаваных выданьняў агульны штат журналістаў скараціўся на трыццаць адсоткаў. А колькасьць фрылянсэраў, наадварот, узрасла: толькі сярод сябраў Швэдзкага зьвязу журналістаў яны цяпер складаюць пятнаццаць адсоткаў. І гэта без уліку таго, што многія фрылянсэры не належаць да зьвязу журналістаў, які ў Швэцыі зьяўляецца прафсаюзнай, а ня творчай арганізацыяй.
У сваім падручніку і на сэмінарах для маладых журналістаў Фрэдрык і Мікаэль імкнуцца разьвянчаць міт аб гэтакім багемным жыцьці фрылянсэраў, згодна зь якім артыкулы быццам бы пішуцца за кубкам кавы ў якой-небудзь утульнай вулічнай кавярні. Яны пераконваюць, што журналіст-фрылянсэр – гэта найперш прафэсіянал. Пераконваюць, што яго праца вельмі цяжкая. Бо ў адрозьненьне ад сваіх калегаў, якія працуюць на пастаяннай аснове, фрылянсэр апроч творчых навыкаў мусіць мець і прадпрымальніцкія здольнасьці.
Паводле выразу Фрэдрыка Нэймана, нават найлепшыя швэдзкія журналісты зь вядучых нацыянальных выданьняў не змаглі б праіснаваць у ролі фрылянсэраў больш за адзін месяц. Бо пасьпяховы фрылянсэр – ня той, хто лепш за ўсіх піша, хто найбольш таленавіты, а той, хто ўмее прадаваць вынікі сваёй працы.
Самай істотнай перавагай журналіста-фрылянсэра Фрэдрык назваў свабоду. Ён мае куды больш магчымасьцяў у выбары прафэсійных прыхільнасьцяў, тэмаў, ва ўдасканаленьні сябе ў вузкай, цікавай для яго спэцыялізацыі.
Дзейнасьць фрылянсэра павінна пачынацца з вывучэньня рынку і патэнцыйных кліентаў, у якасьці якіх могуць выступаць і вядучыя агульнанацыянальныя выданьні.
Апошнім часам швэдзкія фрылянсэры каапэруюцца, аб'ядноўваюцца дзеля больш пасьпяховага вядзеньня сваёй дзейнасьці. Замест таго каб працаваць адасоблена на сваёй кухні, яны здымаюць офіснае памяшканьне, сумесна аплачваюць арэнду. Такія аб'яднаньні добрыя тым, што ты знаходзісься сярод калег, а твая кантактная сетка пашыраецца ў разы. Гэтая акалічнасьць стварае больш магчымасьцяў для пасьпяховага ажыцьцяўленьня прафэсійнай дзейнасьці, павышае твой статус, паказваючы на тое, што ты – не саматужнік, а профі. Таксама гэта дазваляе купляць прафэсійнае абсталяваньне щ складчыну, што цягне зьніжэньне выдаткаў.
Аб'яднаньне фрылянсэраў «Сіні офіс», сябрамі якога Фрэдрык і Мікаэль зьяўляюцца, – адно з найбуйнейшых у Стакгольме (25-27 чалавек). Сваю назву офіс атрымаў па аналёгіі з домам швэдзкага пісьменьніка Аўгуста Стрындбэрга, які ён называў «Сіняй вежай» і які знаходзіцца літаральна праз дарогу ад офіса. Аб'яднаньне добра вядомае, існуе меркаваньне, што калі ты належыш да «Сіняга офіса», у цябе заўжды будзе праца.
Абапіраючыся на свой, безумоўна, багаты досьвед у сфэры фрылянсу Мікаэль і Фрэдрык распрацавалі пакрокавую стратэгію посьпеху для журналіста-фрылянсэра, які яны назвалі «12 крокаў да посьпеху». Таямніцамі посьпеху яны і падзяліліся са сваімі віцебскімі і полацкімі калегамі.