Восеньню бягучага году ў Беларусі павінны прайсьці чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны. Рыхтуючыся да гэтай падзеі, абласныя партыйныя структуры ажывілі сваю арганізацыйную і агітацыйную працу. Сярод партыяў, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у электаральнай кампаніі, знаходзіцца і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.
На сходзе Віцебскай абласной арганізацыі РППС, які адбыўся 9 лютага ў партыйным офісе Віцебску, былі абраныя дэлегаты на маючы адбыцца зьезд партыі. На зьезьдзе дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны, у ліку якіх будзе дваццаць пяць прадстаўнікоў Віцебшчыны, павінны вырашыць пытаньне наконт вылучэньня кандыдатаў ад партыі на месцы ў беларускім парлямэнце.
Выбары сталі не адзіным прадметам абмеркаваньня на сходзе. Былі таксама разгледжаныя пытаньні ўнутрыпартыйнага будаўніцтва і бягучага плянаваньня дзейнасьці першасных арганізацыяў. У межах сходу прайшла дыскусія на агульныя ідэалягічныя і сьветапоглядныя тэмы.
Апроч таго, прысутныя прынялі ў шэрагі партыі новых сяброў, а яшчэ вырашылі правесьці сёлета масавыя спартовыя мерапрыемствы ва ўсіх першасных арганізацыях Віцебскай вобласьці.
У завяршэньне сходу абласны кіраўнік РППС Аляксандар Лукашок ад імя партыйнай арганізацыі павіншаваў з 62-годзьдзем вэтэрана партыі, аднаго са стваральнікаў яе віцебскай абласной структуры, старшыню Лёзьненскай суполкі Міхаіла Пятроўскага.