Аднавіць на працы Аксану Мушкат і выплаціць ёй грашовую кампэнсацыю ў памеры больш за восем мільёнаў беларускіх рублёў – такое рашэньне вынес судзьдзя Глыбоцкага раённага суду Станіслаў Трапук у дачыненьні да Глыбоцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Аксану Мушкат, рабочую Глыбоцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, звольнілі з працы за прагул. Бо яна, стаўшы інвалідам па зроку падчас працы ў ЖКГ, пачала змагацца за права на больш лёгкія ўмовы працы.
Кажа Аксана Мушкат: «Я згубіла ўжо ўсе надзеі, бо думала, што зь дзяржструктурай судзіцца няма сэнсу. І я вельмі ўдзячная судзьдзю Трапуку, што справядлівасьць, урэшце, перамагла».
Як патлумачыў судзьдзя Станіслаў Трапук, у справе было шмат неадпаведнасьцяў у дакумэнтах, і довады пазоўніка ў поўнай ступені адказчыкам не былі аспрэчаныя: «Рашэньне пра яе звальненьне з працы з-за прагулу прынятае без належнага і дэтальнага разгляду ўсіх акалічнасьцяў яе адсутнасьці на працы. Акрамя таго, наймальнік ня ўзяў пад увагу, што прадугледжана артыкулам 283 Працоўнага кодэксу, а таксама законам аб сацыяльнай абароне, што ў пэрыяд праходжаньня праграмы індывідуальнай рэабілітацыі не дапушчальнае звальненьне з ініцыятывы наймальніка».
Нагадаем, дасудовае разьбіральніцтва для рабочай Глыбоцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аксаны Мушкат станоўчых вынікаў не прынесла. У гэтым працэсе прадстаўнік ЖКГ, юрыст Аляксандар Алексяенка, не пагадзіўся з аднаўленьнем Аксаны на працы. Таму рабочая зьвярнулася ў суд і выйграла яго.
Прадстаўніца Глыбоцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, якая прысутнічала на судзе, ад камэнтароў наконт абскарджваньня рашэньня ў вышэйшай інстанцыі адмовілася.
Тацьцяна Смоткіна, racyja.com