29 верасьня ў «Эўрапейскім клюбе» Віцебску адбыліся грамадзкія слуханьні па тэме абмежаваньня знаходжаньня адной асобы на пасадзе прэзыдэнта двума тэрмінамі. У якасьці экспэртаў перад прысутнымі віцебчукамі выступілі экс-сьпікер ВС Мечыслаў Грыб і палітоляг Алег Лагвінец, ролю вядоўцы выконваў намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Першым выступаў Мечыслаў Грыб, у якога зь Віцебскам зьвязана шмат добрых успамінаў. Менавіта ў горадзе над Дзьвіной адбылося ягонае прафэсійнае станаўленьне, адсюль ён пайшоў у вялікую палітыку. Выступоўца нагадаў прысутным пра акалічнасьці,зьвязаныя з працай над Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, прынятай 15 сакавіка 1994 году, пад якой на даручэньне Вярхоўнага Савету ён паставіў свой уласнаручны подпіс.
Як зазначыў экс-старшыня Вярхоўнага Савету, на той час Канстытуцыя РБ была досыць дэмакратычнай. Яна прайшла адпаведныя экспэртызы ў Ангельшчыне, Францыі, Злучаных Штатах і нават атрымала станоўчую ацэнку Вэнэцыянскай экспэртнай камісіі. А вось сёньняшняя Канстытуцыя (1996 году, са зьменамі і дапаўненьнямі) не прызнаная ніводнай дэмакратычнай краінай, хаця часам Лукашэнка з гонарам заяўляе, што ягоная Канстытуцыя нібыта прайшла экспэртызу Вэнэцыянскай камісіі. «Ня верце, ён хлусіць, ніякіх экспэртызаў яна не праходзіла», – заявіў палітык.
Мечыслаў Грыб спыніўся на асноўных этапах узурпацыі ўлады ў краіне пасьля правядзеньня сумнавядомага рэферэндуму. Той рэфэрэндум насіў выключна рэкамэндацыйны характар, але, нягледзячы на гэта, яго вынікі паслужылі фармальнай падставай для наданьня адной асобе магчымасьці займаць пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў.
Пасьля таго, як ВС стаў падкантрольны прэзыдэнту, толькі Канстытуцыйны Суд мог паспрыяць вырашэньню палітычнага крызысу, што ўзьнік, зьвязанага з парушэньнем прэзыдэнтам асноўнага закону краіны, але і ён хутка аказаўся ў поўнай матэрыяльнай залежнасьці ад Упраўленьня справамі прэзыдэнта. Пасьля таго, як адна асоба ўзяла пад кантроль усе галіны ўлады, Беларусь згубіла права называцца дэмакратычнай.
Выступ Алега Лагвінца тычыўся дэмакратычных формаў палітычнага кіраваньня, што існуюць у сьвеце, дзе абмежаваньне тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта зьяўляецца агульнапрызнанай дэмакратычнай практыкай. Ён зьвярнуў увагу на тое, што і тутэйшыя ідэолягі і прапагандысты, распавядаючы сьвету пра эўрапейскую Беларусь, досыць часта ўжываюць слова «дэмакратыя». Але слова «дэмакратыя» ўжываецца нават далёкімі ад дэмакратыі палітычнымі рэжымамі. Ужывалі яго і такія адыёзныя постаці як Садам Гусэйн і Кадафі, хаця ў цывілізаваным разуменьні паняцьце дэмакратыі ўтрымлівае ў сабе пэўны набор крытэраў, якія зь лёгкасьцю дазваляюць вызначыць, ці зьяўляецца рэжым дэмакратычным.
Нягледзячы на агульнасьць дэмакратычных прынцыпаў кожная дэмакратыя мае свае нацыянальныя адметнасьці, якія тлумачацца традыцыямі і тым шляхам, якім тая ці іншая краіна прыходзіць да дэмакратыі. Так, форма сёньняшняй амэрыканскай дэмакратыі паўстала пасьля таго, як Франклін Рузвэльт абіраўся на пасаду прэзыдэнта чатыры разы. Толькі тады амэрыканцы дасьпелі да таго, каб абмежаваць знаходжаньне аднаго чалавека на гэтай пасадзе двума тэрмінамі.
У амэрыканскай традыцыі прэзыдэнт зьяўляецца фактычным кіраўніком ураду, але ступень ягонай улады мае пэўныя межы. У краіне створаная адмысловая сыстэма стрымліваньняў і супрацьвагаў, для таго, каб ніводная з галінаў улады не дамінавала над іншымі, а прымала рашэньні толькі ў межах сваёй кампэтэнцыі.
Амэрыканскі прынцып улады вельмі прывабны. Пасьля дэкалянізацыі сярэдзіны 20-га стагодзьдзя яго спрабавалі мэханічна перанесьці на краіны, якія сталі незалежнымі. Аднак, нягледзячы на гэта, шмат якія лацінаамэрыканскія ці афрыканскія краіны ўсё адно станавіліся дыктатурамі. Рэч у там, што асоба, якая атрымлівала наўпроставы мандат ад народу і сканцэнтроўвала ў сваіх рукох усю паўнату ўлады, не зважала на іншыя фундамэнтальныя рысы, уласьцівыя амэрыканскай палітычнай мадэлі. Найперш, любая дэмакратыя мусіць забясьпечыць павагу да свабодаў і правоў чалавека, чаго ў новых незалежных дзяржавах зроблена не было.
Калі мы кажам пра дэмакратыю як уладу народу, то ў сёньняшнім яе разуменьні гэта азначае, што пры ўладзе большасьці забясьпечваецца павага да правоў меншасьці. Найперш палітычных правоў, бо дэмакратыя – гэта яшчэ і спосаб вырашэньня палітычных канфліктаў, якія існуюць у грамадзтве, і якія ўлада мусіць вырашаць выключна дэмакратычным шляхам. Сярод асноватворных правоў і свабодаў трэба назваць яшчэ свабоду сумленьня, свабоду сходаў і асацыяцыяў...
Напрыклад, Францыя ўяўляе сабой зьмяшаны тып палітычнай сыстэмы: гэта клясычная прэзыдэнцкая рэспубліка, якая ўтваралася пры Шарлю дэ Голю, калі краіна знаходзілася ў складаным палітычным становішчы. Ягоныя паўнамоцтвы былі досыць шырокія, але яны меншыя за тыя, што прыпісаў сабе Лукашэнка. У 1958 годзе ў адказ на абвінавачаньні шасьцідзесяцігадовы генэрал сказаў: «Я не зьбіраюся рабіць кар'еру дыктатара». Гэты адказ адлюстроўвае ягоную глыбокую палітычную культуру.
Аднак немагчыма мэханічна скапіяваць канстытуцыю ці дэмакратычныя інстытуцыі і перанесьці іх з адной краіны ў іншую. Для таго, каб французская Канстытуцыя дзейнічала ў Беларусі гэтаксама, як у Францыі, трэба, каб беларусы былі такімі самымі, як французы, і мелі гэткую ж палітычную культуру. Францускія працоўныя заўжды надзвычай хутка рэагавалі на парушэньні іх правоў, а страйк для іх заўжды зьяўляўся самым эфэктыўным інструмэнтам абароны правоў.
Сярод іншых неад'емных правоў чалавека – права на ўласнасьць. Але ж у нас няма ўласьніка, бо няма прыватнай уласнасьці на зямлю. Людзі амаль цалкам залежныя ад дзяржавы і мала што гатовыя бараніць як сваё. У нашай палітычнай культуры грамадзянін, як уласьнік сваіх палітычных правоў, амаль адсутнічае. Да таго ж у сувязі з дамінаваньнем тут гэтак званага «русского мира» мы даведаліся, што на Беларусі недастаткова беларусаў, хаця дваццаць пяць гадоў незалежнасьці не прайшлі бясьсьледна.
Няма ідэальных грамадзтваў, але дэмакратыя – гэта гуманны і цывілізаваны спосаб вырашэньня праблемаў. Мы – эўрапейская краіна, і мы можам скарыстацца з тых дасягненьняў, якія ўжо створаныя іншымі.
Эўрапейская мадэль дэмакратыі адрозная ад амэрыканскай, тут кіраўніком выканаўчай улады зьяўляецца прэм'ер-міністар, якога, як правіла, абірае парлямэнцкая большасьць. Прэзыдэнт ці манарх у Эўропе найчасьцей мае намінальныя функцыі і абмежаваныя паўнамоцтвы, а прэм'ер вядзе эканамічную палітыку ў краіне. Напрыклад, Ангела Мэркель – канцлер кааліцыйнага ўраду, і ў межах кааліцыі ёй трэба дамаўляцца зь іншымі палітычнымі суб'ектамі. Яна таксама мае велізарныя абмежаваньні. Канстытуцыйны суд Нямеччыны цалкам аўтаномны, таму мае магчымасьць заблякаваць любое рашэньне канцлера, калі тое ідзе ў разрэз з дэмакратычнымі нормамі.
Сёньняшні варыянт беларускай канстытуцыі ня пройдзе ніводнай экспэртызы. Гэта ненармальна, калі кіраўнік выканаўчай улады прызначае ўладу заканадаўчую (Лукашэнка мае права прызначыць восем сэнатараў з 64, хаця ўскосна ён прызначае іх усіх). Па сутнасьці, у Беларусі няма дэмакратыі, бо большасьць афіцыйных асобаў прызначае сам Лукашэнка. Напрыклад, у Францыі такая практыка немагчымая.
За невялікі тэрмін ідэя вяртаньня ў аб'яднаную Эўропу дапамагла цэнтральнаэўрапейскім краінам правесьці рэформы. Там яны вынайшлі спосабы вырашэньня сваіх праблемаў. А вось мы, застаючыся за межамі Эўрапейскага Зьвязу, губляем нашы пэрспэктывы далучэньня да эўрастандартаў, хаця наперадзе нас чакаюць вельмі складаныя рэформы. Цяпер жа за ўсё адказвае адзін чалавек. Людзі лічаць, што ён выдае нават пэнсіі. Свабода, дэмакратыя, правы чалавека – вось аснова разьвіцьця любой краіны, якую не абмінуць і нам.
Сёньня мы ляцім на адным крыле, бо залежныя ад адной краіны. Але ў тым выпадку, калі мы дбаем пра будучыню, без далейшага разьвіцьця незалежніцкага складніка мы можам згубіць сваю краіну. Толькі незалежнасьць і эўраінтэграцыя могуць стварыць заруку таго, што мы не апынемся ў складзе нейкай іншай краіны. Эўропа дае нам магчымасьць захаваньня сваёй краіны.
Гэткія разважаньні былі ўспрынятыя прысутнымі на сустрэчы актывістамі досыць пазытыўна і паспрыялі актыўнаму абмеркаваньню тэмы зь іх боку.
Віцебская вясна