УУС Віцебскага аблвыканкаму ладзіць праверку па факце скаргаў, што паступілі ад Максіма Гайкова, Тацьцяны Быкавай і Алега Квяцінскага ў адказ на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў віцебскім клюбе «21 стагодзьдзе» ў ноч з 12 на 13 студзеня. Цяпер актывістаў пачалі выклікаць ва УУС у мэтах дачы тлумачэньняў па прад’яўленых імі скаргах ў пракуратуру.
Скаргі былі дасланыя каля трох тыдняў таму. Пракуратурай у якасьці адказу былі адпраўленыя лісты, што скаргі перанакіраваныя начальніку УУС аблвыканкаму палкоўніку Ігару Яўсееву. Заяўнікам у сваю чаргу паступілі званкі ад супрацоўнікаў УУС з просьбай зьявіцца «з нагоды скаргаў».
«Мне патэлефанавалі на хатні нумар тэлефону і, прадставіўшыся, запрасілі даць тлумачэньні адносна скаргаў на дзеяньні міліцыі ў “XXI стагодзьдзі”, - паведаміў Максім Гайкоў, каардынатар “ГейБеларусі” па Віцебскай вобласьці, - ужо ў УУС мяне прасілі вусна распавесьці, што адбывалася ў клюбе ў тую ноч, дэталёва растлумачыць, у чым заключаліся неправамерныя дзеяньні прадстаўнікоў МУС. Таксама пыталі кантакты іншых наведвальнікаў вечарыны і прапанавалі апазнаць па фатаграфіях супрацоўнікаў міліцыі і людзей у цывільным».
Ад імя кожнага з заяўнікаў супрацоўнікамі УУС былі складзеныя тлумачальныя да скаргаў. «Я прабыла там літаральна 15 хвілін, распавяла, што адбывалася ў клюбе і падпісала тлумачальную. На разьвітаньне мне абяцалі даслаць ліст пра вынікі праверкі», - кажа Тацьцяна Быкава, сябра “ГейБеларусі” зь Віцебску.
ГейБеларусь