Інваліды павінны вучыцца разам са здаровымі дзецьмі ў звычайных школах. У гэтым перакананая слабавідушчая Юлія Ардынава.
– Я ўдзячная маме за тое, што яна не аддала мяне ў спэцыялізаваную школу, я вучылася ў звычайнай – СШ №11 Наваполацку. Мае праблемы са зрокам не стваралі ніякага бар'ера ў зносінах зь дзецьмі. Наадварот, аднаклясьнікі, ведаючы, што я амаль ня бачу, дапамагалі, чым маглі, – распавяла Юлія. Яна ўпэўненая, што менавіта навучаньне ў звычайнай школе дапамагло ёй лепш адаптавацца ў грамадзтве. Пяць гадоў таму дзяўчына выйшла замуж за невідушчага віцебчука і цяпер жыве ў абласным цэнтры. На прадпрыемстве «Элект» ГА «БелТІЗ» Юлія Ардынава кіруе гуртком дэкарацыйна-ўжытковага мастацтва.
Сёньня ідзе пераход да інклюзіўнай адукацыі. Гэта больш шырокі працэс інтэграцыі, які прадугледжвае аднолькавую даступнасьць навучаньня для ўсіх дзяцей і прыстасаваньне навучальных устаноў да патрэб кожнага навучэнца. То бок не дзіця павіннае прыстасавацца пад умовы школы, а ўстанова адукацыі пад патрэбы канкрэтнага вучня.
– На Віцебшчыне другі год пасьпяхова рэалізуецца рэспубліканскі праект па апрабацыі інклюзіўнай адукацыі. У яго ўключаныя СШ №46 Віцебску, СШ №8 Наваполацку і Віцебскі абласны цэнтар карэкцыйна-разьвіваючага навучаньня і рэабілітацыі, – распавёў першы намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі аблвыканкаму Леанід Сьцяпанаў.
На базе віцебскай СШ №46 прайшлі абласныя мерапрыемствы па інклюзіі: нарада, круглы стол з пэдагогамі-псыхолягамі, выстава, майстар-клясы і канцэртная праграма.
– Несумненна, настаўнікам і іншым работнікам сфэры адукацыі на пераходным этапе патрабуюцца павышэньне кваліфікацыі і адмысловая падрыхтоўка, а таксама мэтадалягічная і выкладчыцкая падтрымка. Таксама трэба змагацца са стэрэатыпамі грамадзтва ў цэлым адносна інклюзіі, – сказаў Леанід Міхайлавіч.
Часам у бацькоў дзяцей, зь якімі разам вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі, што патрабуюць асаблівай падтрымкі, складаецца меркаваньне, што гэта можа затрымліваць разьвіцьцё іх уласнага дзіцяці. Аднак досьвед інтэграванага навучаньня паказвае адваротнае. Пасьпяховасьць здаровых дзяцей ня падае, а часта іх ацэнкі аказваюцца вышэйшымі ва ўмовах інклюзіўны адукацыі, чымся ў звычайнай школе.
– Перш за ўсё пэдагогам, псыхолягам, бацькам трэба перагледзець свае погляды і пераналадзіць сьведамасьць на шляху да інклюзіўнай школы, а ўжо потым разам пераадольваць іншыя бар'еры: заканадаўчыя, псыхалягічныя, матэрыяльна-тэхнічныя, кадравыя і іншыя, – адзначыла дырэктар абласнога цэнтру карэкцыйна-разьвіваючага навучаньня і рэабілітацыі Марына Фёдарава.
Адна з задач устаноў адукацыі палягае ў тым, каб зь іх сьцен выйшлі выпускнікі ня толькі з багажом ведаў. Іх галоўнай якасьцю павінна стаць талеранцыя, якая фармуецца ў працэсе рэальных зносін усіх дзяцей.
***
У Віцебскай вобласьці амаль 17,5 тыс. дзяцей з адметнасьцямі псыха-фізычнага разьвіцьця – больш за 8% ад агульнай колькасьці дзяцей і падлеткаў. Яны атрымліваюць спэцыяльную адукацыю або карэкцыйна-пэдагагічную дапамогу.
Алена Алімава, vitvesti.by