Гэты цэнтар быў месцам правядзеньня прадпрымальніцкіх сходаў на працягу двух апошніх месяцаў. Аднак адміністрацыя папярэдзіла: сходы, на якіх прысутнічаюць прадпрымальнікі зь іншых гандлёвых аб'ектаў, «непажаданыя».
«Калі мы даведаліся пра пазыцыю адміністрацыі, то вырашылі выйсьці ў двор падчас мінулага сходу. З аднаго боку, мы выканалі патрабаваньне адміністрацыі. Але з другога – зьявілася небясьпека, што нас могуць пакараць за несанкцыянаваную акцыю. Прыкладам, за «мітынг», бо абмеркаваньні наяўных праблем адбываюцца вельмі эмацыйна. А права на мірныя сходы ў Беларусі ігнаруецца, і скарыстацца ім мы ня можам», – разважае Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам». Тыдзень таму суд Маскоўскага раёну Менску якраз аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь (5 мільёнаў 250 тысяч рублёў) «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» – у сходзе прадпрымальнікаў, які праходзіў у Менску 18 студзеня.
Гандлёвы цэнтар «Эвіком», які з пачатку году стаіць пусты, стаў традыцыйным месцам сходаў віцебскіх прадпрымальнікаў. Вядома, што на абмеркаваньне пэрспэктыў працы ва ўмовах дзеяньня ўказу №222 сюды зьбіраліся прадстаўнікі розных гандлёвых аб’ектаў – бо гэтая праблема хвалюе іх усіх. Ірына Яскевіч не выключае, што чарговы сход віцебскіх прадпрымальнікаў давядзецца праводзіць на вуліцы. Рызыкаваць давядзецца ў любым выпадку: або сабрацца ў гандлёвым цэнтры і падпасьці пад рэпрэсіі з боку адміністрацыі «Эвікому», якую не задавальняе прысутнасьць на сходзе «чужых» прадпрымальнікаў, або выйсьці на вуліцу з рызыкай быць прызнанымі парушальнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
spring96.org