Актывістам грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» стала вядома пра яшчэ адно імавернае месца масавых расстрэлаў рэпрэсаваных беларускіх грамадзян пры канцы трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. У якасьці асноўнага сьведкі меркаваных забойстваў у Цёплым лесе ля вёскі Лужасна выступіў 84-гадовы жыхар Віцебску Генадзь Сакалоў (на фота).
Як кажа Ян Дзяржаўцаў, некаторыя прадстаўнікі мясцовай улады Віцебскага раёну ня раз папікалі сяброў грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» за тое, што прадстаўленыя імі жыхары аднайменнай вёскі нібыта ня могуць быць сьведкамі масавых расстрэлаў другой паловы трыццатых гадоў, бо на той час яны былі дзецьмі. Аднак, як пацьвярджае жыцьцё, менавіта юны ўзрост, калі цікаўнасьць пераважае над пачуцьцём самазахаваньня, і заахвочваў дзяцей і падлеткаў да рызыкоўных і нават авантурных учынкаў, на якія дарослыя ўжо ня здатныя. У якасьці другога аргумэнту супраць непаўнагадовых сьведак злачынстваў, зьдзейсьненых за часамі Сталіна, некаторымі чыноўнікамі вылучаўся намёк на тое, што іхныя сьведчаньні папросту не ўнушаюць даверу. Маўляў, калі трэба, то яны знойдуць столькі ж сьведак, якія дадуць абсалютна супрацьлеглыя сьведчаньні. Пакінем лёгіку падобных аргумэнтаў на сумленьні тых, хто іх агучвае.
Гэтым разам у якасьці асноўнага сьведкі меркаваных масавых забойстваў у Цёплым лесе каля вёскі Лужасна выступае даволі паважаны і заслужаны чалавек: доктар вэтэрынарных навук па протазаалёгіі, былы прафэсар, загадчык катэдры зоагігіены Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі, выдатнік адукацыі, вязень канцлягеру «Пяты полк» 84-гадовы Генадзь Аляксандравіч Сакалоў. Пры канцы трыццатых гадоў ягоны бацька працаваў млынаром за пару кілямэтраў ад месца расстрэлаў. Млын стаяў на рацэ Лужасьнянцы, тамсама жыла сям'я.
Прыгадвае Генадзь Сакалоў: «Вось яна – найвышэйшая гара, строма, і там унізе ля самой вады расстрэльвалі. Гара якраз насупраць чыгуначнай станцыі Лужасна, мо' крыху правей. Старэйшыя дзеці распавядалі, як яны хадзілі глядзець на расстрэлы, сярод іх былі мой брат Валянцін 1929 году нараджэньня і ягоныя сябры-аднаклясьнікі з Лужасна. Хадзілі ноччу некалькі разоў, калі прыяжджалі машыны зь людзьмі. Мяне браць не хацелі, але аднаго разу ўзялі. Гэта быў прыкладна 1937-1938 гады, хутчэй за ўсё, трыццаць восьмы, бо ў школу я пайшоў у трыццаць дзевятым. Тады я, вядома, ледзьве за імі пасьпяваў, пад гару. Прыйшлі на месца, сядзелі, чакалі. Гадзіньніка ў нас не было, але прыблізна дзесьці апоўначы прыехала машына. Выйшлі некалькі чалавек і нейкі час мітусіліся там унізе. Затым: пах-пах. І другі раз: пах-пах. Мы, як пах-пах, так адпаўзьлі і – уцякаць. Гэта ня быў адзінкавы выпадак, расстрэльвалі шмат разоў. Сьведкамі былі ня толькі мы, але й некаторыя жыхары вёскі Лужасна. Пагалоска доўга хадзіла па навакольлі. Месца тое называлі « праклятым». Зьняволеных прывозілі зь Віцебску. Расстрэльвалі на мяжы невялічкай балацінкі і сушы, каб забітых пасьля таго можна было закапаць».
Пра расстрэлы ў Цёплым лесе Яну Дзяржаўцаву распавядаў у прыватнай размове і 94-гадовы жыхар Віцебску Мікалай Пятровіч Малашэнка, сям'я якога ў трыццатыя гады жыла ў вёсцы Хайсы. На той момант Мікалаю Пятровічу было сямнаццаць гадоў.
Безумоўна, агучаная інфармацыя патрабуе праверкі, досьледаў і прафэсійнай эксгумацыі магіл, якія засталіся некранутымі «чорнымі капальнікамі», дык што тут парэшткі не валяюцца па лесе, як у выпадку з ахвярамі меркаваных расстрэлаў у лясным масіве пад вёскай Хайсы.