Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які працягвае змагацца ў судох за права публічна выказваць сваё меркаваньне, сутыкнуўся зь незвычайнай аргумэнтацыяй з боку судзьдзяў: калегія Віцебскага абласнога суду адмовілася задаволіць скаргу праваабаронцы, абгрунтаваўшы сваё рашэньне дэфініцыяй з... Вікіпэдыі.
З касацыйнай скаргай у судовую калегію па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду праваабаронца зьвярнуўся ў ліпені. Змагар за грамадзянскія правы аспрэчыў рашэньне намесьніка кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальлі Ляпёшкінай, якая адмовіла яму ў правядзеньні 12 сьнежня 2014 году масавага мерапрыемства – пэрформансу ў выглядзе фатаграфаваньня каля нежылога дому № 39 па вул. Ільлінскага ў Віцебску.
У сваёй скарзе Павал Язэпавіч адзначыў, што судзьдзя Чыгуначнага раёну Віцебску Сьвятлана Варатынская адмовілася прызнаць яго прэтэнзіі на правядзеньне ў горадзе рознага кшталту мерапрыемстваў без дазволу ўладаў. Праваабаронца напісаў, што з рашэньнем ніжэйстаячага суду ня згодзен, знаходзіць яго незаконным і неабгрунтаваным. З поўнай упэўненасьцю ў сваёй праваце Левінаў паспрабаваў пераканаць чальцоў калегіі ў тым, што фатаграфаваньне грамадзян не зьяўляецца масавым мерапрыемствам і, такім чынам, не патрабуе ўзгадненьня зь мясцовымі ўладамі. Такім чынам, робіць ён выснову, удзельнікі пэрформансу не зьяўляюцца правапарушальнікамі і не падлягаюць адміністрацыйнаму пакараньню.
Аднак судзьдзі абласнога суду, якія разглядалі скаргу праваабаронцы, дасьледаваўшы матэрыялы справы і вывучыўшы довады, выкладзеныя ў скарзе, вырашылі, што скарга не падлягае задавальненьню.
Апраўдваючы свой сумніўны вэрдыкт, чальцы калегіі – судзьдзі Марына Вострыкава, Тацьцяна Матушайкес і Натальля Хількевіч спаслаліся на сумна вядомае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881, якое вымагае ад заяўнікаў масавых мерапрыемстваў заключэньня дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі яшчэ да атрыманьня дазволу на іх правядзеньне. Як кваліфікаваным юрыстам, судзьдзям вядома, што ў рашэньні №881 закладзеныя абсурдныя патрабаваньні да арганізатараў акцыяў у частцы заключэньня дамоваў, але яны заплюшчваюць вочы на любы прававы абсурд дзеля таго, каб прыструніць апанэнтаў улады.
Для ўзмацненьня сваёй аргумэнтацыі на карысьць таго, што пэрформанс быццам бы зьяўляецца масавым мерапрыемствам, калегія судовая зьвярнулася да Вікіпэдыі.
Бадай, нават шкалярам вядома, што Вікіпэдыя ёсьць унівэрсальнай энцыкляпэдыяй, а ня слоўнікам юрыдычных тэрмінаў. Гэтае інтэрнэт-выданьне належыць амэрыканскай некамэрцыйнай арганізацыі “Фундацыя Вікімэдыя» і не зьяўляецца афіцыйнай агульнапрызнанай крыніцай даведачнай інфармацыі.
Галоўнай асаблівасьцю гэтай энцыкляпэдыі зьяўляецца тое, што ствараць і рэдагаваць матэрыялы ў ёй можа кожны чалавек, які выконвае пэўныя правілы. Надзейнасьць і дакладнасьць артыкулаў Вікіпэдыі выклікаюць недавер у прафэсіяналаў, і таму яе выкарыстаньне ў юрыдычнай практыцы недапушчальнае.
Але судзьдзяў калегіі гэта не зьбянтэжыла, і яны ў сваёй пастанове пішуць літаральна наступнае:
«Паводле інфармацыі, разьмешчанай у Вікіпэдыі, пэрформанс (таксама щжывальныя назва – пэрфоманс, англ. pегformance – выкананьне, паказ, выступ) – форма сучаснага мастацтва, у якой твор складаюць дзеяньні мастака або групы ў пэўным месцы і ў пэўны час. Да пэрформансу можна аднесьці любую сытуацыю, якая ўключае чатыры базавыя элемэнты: час, месца, цела мастака і адносіны мастака і гледача.
Пры такіх акалічнасьцях, і з улікам зьместу заявы Левінава П.Я., са сьцьвярджэньнем апошняга пра тое, што заяўленае ім мерапрыемства не зьяўляецца масавым і не рэгулюецца Законам «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», нельга пагадзіцца».
Такім чынам, нягледзячы на тое, што дзейнае заканадаўства не ўважае пэрфоманс за які-небудзь тып масавага мерапрыемства, калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду, грунтуючыся на дэфініцыі зь Вікіпедыі, узяла на сябе сьмеласьць залічаць пэрфоманс да масавых мерапрыемстваў.
Пасьля рашэньня касацыйнай інстанцыі рашэньне судзьдзі Чыгуначнага раёну Віцебску Варатынскай набыло законную моц. Аднак тут паўстала нечаканая акалічнасьць, якая можа закрануць, як той казаў, усіх і кожнага. Бо цяпер усе ўдзельнікі фатаграфаваньняў у Віцебску, напрыклад, на сямейных сьвятах або карпаратыўных вечарынках, якія ёсьць своеасаблівымі пэрформансамі, аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі недазволеных уладамі масавых мерапрыемстваў і, згодна з адміністрацыйным законам, падлягаюць пакараньню ў выглядзе штрафу або кароткачасовага пазбаўленьня волі аж да 15-ці сутак.
Віцебская вясна