Дом па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 4 ў Віцебску, у двары якога без малога год таму, прайшоў Народны сход, да гэтага часу знаходзіцца ў жаласным стане. І гэта – пад самым бокам у Віцебскага аблвыканкаму.
Самі жыхары пра Народны сход, які прайшоў тут 8 кастрычніка 2011 года, успамінаюць зь неахвотай. Маўляў, а што там было: пагаварылі – і разышліся. А праблемы засталіся. Ды яшчэ некаторым жыхарам прыйшлося пасьля сходу ўступаць у зусім не сяброўскія зносіны з праваахоўнымі ворганамі.
Праўда, адна праблема з часам вырашылася. Начную краму «Ласунак», якая не давала спаць ўсёй акрузе, перайшла на дзённы рэжым працы. Нават зьмяніла не зусім адпаведную шыльду на новую. Завецца зараз «Прадукты». З указаньнем ўладальніка - дзяржпрадпрыемства «База адпачынку «Крупеніна».
Але дамы па вул. Хмяльніцкага, 2 і 4 як стаялі з аблупленай тынкоўкай і зь дзіравым дахам (ён у іх, па сутнасьці, адзін на два дамы) ужо колькі гадоў, так стаяць і цяпер. А дамам, дарэчы, ужо йдзе шосты дзясятак. Жыхары, большасць зь якіх пэнсіянэры, зноў засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Адказамі-адпіскамі на звароты ў розныя інстанцыі можна б было ўжо абклейваць сьцены – каб зэканоміць на шпалерах, жартуюць яны.
У апошнім пісьмовым адказе зь Віцебскага гарвыканкаму гаварылася, што «аб'ект«Капрамонт даху жылога дому № 4\16 па вуліцы Хмяльніцкага ўключаны ў тытульны сьпіс капрамонту, рэканструкцыі, мадэрнізацыі жыльлёвага фонду і інжынэрных сетак на 2012 год». І далей: «Планаваны пачатак работ –у трэцім квартале. Пытаньне знаходзіцца на кантролі». Трэці квартал ужо на зыходзе. А працы так і не пачыналіся…
Зусім нядаўна ў домакіраўніцтве жыхарам паведамілі, што працы і напраўду запланаваны, але... з пераносам на 2013 год. Тэрміны ў каторы раз адсунулі. А значыць, зімаваць прыдзецца з расстаўленымі па ўсёй кватэры тазікамі, бо ў адлігу працякае дах.
Зьвярталіся і да дэпутатаў. «Вось схадзіў я на прыём да нашага дэпутата Мікалая Смунёва - старшыні гарадзкога Савета дэпутатаў. Дык ён са мной размаўляў як з хворым дэбілам. Ну, потым прыйшоў адказ. Ён, я так разумею, паставіў там галачку дзесьці сабе, што вось, маўляў, выбаршчыкі зьвяртаюцца – адказ дадзены. І ўсё – яму абсалютна да лямпачкі, што там далей...» – абураны адзін з жыхароў дому Валеры Спаткай.
Не, на выбары не пайду. Хай зараз хоць золатам наш дом пакрыюць – усё роўна не пайду...
Была ў людзей надзея, што перад выбарамі пытаньне будзе вырашана ў тэрміновым парадку. Была ды сплыла. Як і вера – ва ўладу, у дэпутатаў і народныя сходы. Застаўся адзін адчай...
«Вось зараз выбары. І навошта мне гэтыя дэпутаты? І навошта мне гэтыя выбары? Калі ніхто ні на што не хоча зьвяртаць увагі. Пісалі ж летась пра наш дом ўсе нашы газэты, і дзяржаўныя у тым ліку. І ўсё да лямпачкі! Не, на выбары не пайду. Хай зараз хоць золатам наш дом пакрыюць – усё роўна не пайду», – кажа суразмоўца “Дыялёгу”.