Актывістка Надзея Куканос выклікала міліцыю, каб тая ўгамавала п'яную кабету, якая чаплялася да яе. Калі праз паўгадзіны міліцэйскі нарад прыбыў на месца здарэньня, сьлед дэбашыркі прастыў. Але міліцыянты вырашылі не вяртацца ў свой пастарунак зь мілым ліхам і даставілі туды саму актывістку. У пастарунку на яе быў складзены пратакол – нібыта за фальшывы выклік міліцыі. Потым быў суд – актывістку пакаралі...
Надзея Куканос абскардзіла рашэньне пра пакараньне, і – рэдкі выпадак – у абласным судзе прыслухаліся да аргумэнтаў актывісткі. Надоечы пастанову суду першай інстанцыі скасавалі, а справу накіравалі на новы разгляд.
Інцыдэнт, які паклаў пачатак справе, адбыўся ў раёне аўтавакзалу Віцебску яшчэ ў сакавіку. Надзея Куканос прасіла міліцыянтаў, якія прыбылі на яе выклік, каб тыя прагледзелі запісы камэраў назіраньня і апыталі сьведак, што пацьвердзіла б факт канфлікту. Аднак супрацоўнікі міліцыі нічога гэткага рабіць ня сталі.
Пра далейшае распавядае актывістка: «У мяне адабралі мабільны тэлефон, выкруцілі мне рукі, не далі ўзяць верхнюю вопратку і даставілі мяне ў Чыгуначны РАУС. У дачыненьні да мяне былі складзеныя тры адміністрацыйныя пратаколы: паводле артыкулу 17.6 КаАП – заведама фальшывае паведамленьне, якое пацягнула рэагаваньне супрацоўнікаў міліцыі, паводле артыкулаў 23.5 і 23.4 – зьнявага супрацоўнікаў міліцыі і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. У гэты самы дзень я была дастаўленая ў будынак суду Чыгуначнага раёну і судзьдзя Дзягода прыняў да свайго разгляду адміністрацыйныя матэрыялы».
Надзея Куканос працягвае: «13 сакавіка суд зрабіў перапынак у судовым паседжаньні да 21 сакавіка. Да 21 сакавіка я самастойна сабрала доказы ўласнай невінаватасьці: выпатрабавала дадзеныя камэры відэаназіраньня і перапісала іх на свой дыск, знайшла ўсіх сьведак і перапісала іх прозьвішчы, аплаціла ім праезд да Віцебску, заключыла пагадненьне з адвакатам і заплаціла яму».
«І вось 21 сакавіка мы дружнай кампаніяй – я, адвакат і сьведкі – зьявіліся ў судовае паседжаньне. Убачыўшы нашу кампанію, судзьдзя Дзягода, нічым не матываваўшы, судовае паседжаньне праводзіць адмовіўся. А праз 2 месяцы, 16 траўня, я атрымала ліст з позвай, зь якой я даведалася, што мне неабходна прыбыць 13 траўня ў суд. Інакш кажучы, пра месца і час правядзеньня судовага паседжаньня я належным чынам апавешчаная не была. 16 траўня па гэтай позьве я ўсё ж прыйшла ў суд і даведалася, што 13 траўня ў маю адсутнасьць, у адсутнасьць адваката, без апытаньня сьведак, без дасьледаваньня якіх-небудзь абставін зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня судзьдзём Дзягодам была сфабрыкаваная пастанова, якой ён прызнаў мяне вінаватай», – распавяла Надзея Куканос.
Цяпер рашэньне ў дачыненьні да актывісткі скасаванае. Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова пагадзілася з Надзеяй Куканос, што справа супраць яе вялася з парушэньнямі працэсуальнага заканадаўства. Але гэта яшчэ не канец – справа перададзеная на новы разгляд. У хуткім часе даведаемся, ці зможа актывістка абараніць сябе ў паўторным судовым паседжаньні.