Больш за 90% індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыцьцяўляюць гандаль прамысловымі таварамі на тэрыторыі Калгаснага рынку ў Полацку, ня выйшлі на працу 1 ліпеня.
Падставай для такога рашэньня стала ўступленьне ў моц указу № 222 "Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі», які прэзыдэнт падпісаў у траўні.
Гэты ўказ забараняе гандаль без сэртыфікатаў і суправаджальных дакумэнтаў на тавары, у тым ліку тыя, якія ўвозяцца з краін Мытнага саюзу. Без дакумэнтаў рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных з Расеі ці Казахстану да 1 ліпеня 2014 году, можна да 1 сакавіка 2015 году.
Прадпрымальнікі неаднаразова заяўлялі, што гэтае патрабаваньне невыканальнае - неабходныя дакумэнты практычна немагчыма атрымаць у пастаўшчыкоў (у асноўным расейскіх), а працаваць на рэштках тавару (калі няма памераў і асартымэнту) абсалютна не рэнтабэльна.
Паколькі да думкі прадпрымальнікаў не прыслухаліся, напярэдаднi 1 ліпеня яны падалі ў падатковыя органы «нулявыя дэклярацыі».
ximik.info